«Таямніцы нашага садка» — так называецца першая кніга Васіля Дранько-Майсюка. Яна выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» і адрасаваная, як сьцьвярджае аўтар, чытачам ва ўзросьце ад пяці да ста пяці гадоў, якія маюць вясёлы настрой і не патанаюць у смутнаглядзтве.
— Спадар Васіль, Вы вядомыя беларускаму чытачу па публікацыях на розных інфармацыйных рэсурсах пра грамадзкіх, навуковых і культурных дзеячаў дваццатага стагодзьдзя. Найперш рэпрэсаваных. І раптам выходзіць Ваша першая кніга, у якой не пра гэтыя постаці, а казкі для дзяцей. Патлумачце, калі ласка.
— «Таямніцы нашага садка» задумваліся даўно. Я ўжо амаль дзесяць гадоў працую з дзецьмі. Выкладаю ў адмысловых цэнтрах акторскае майстэрства, прыдумляю ды ствараю казачныя спэктаклі (на сцэне Беларускай дзяржаўнай філярмоніі разам з ансамблем салістаў «Клясык-авангард» іграю ўласную казку «Музычныя прыгоды вушастага Бурыдуса», дарэчы ў лютым будзе чарговы паказ спэктакля), праводжу тэатралізаваныя сьвяты, выкладаю беларускую літаратуру. Таму гэтае «раптам» высьпявала доўгі час. Адны сюжэты (казка пра Чах-Чахаў, напрыклад) узьнікалі на занятках (а мае вучні давалі свае заўвагі), іншыя («Казка пра сквапных») — у рэдакцыі часопісаў «Вясёлка» і «Буся», дзе я працаваў літаратурным рэдактарам, а некаторыя ў Маскве, дзе я пэўны час працаваў у дзіцячым тэатры СНАРК («Казка пра крыўдлівых»).
— Існуе меркаваньне, што пісаць для дзяцей пачынаюць тыя, хто сам ужо стаў татам ці мамай і можа праверыць свае творы на ўласных чытачах. Вы згодныя з гэтым? У Вас жа сваіх дзетак яшчэ няма, так?
— І гэта безумоўна памылковае меркаваньне. Хіба Алаіза Пашкевіч ці Ўладзімер Караткевіч мелі дзяцей? А ў іх былі шыкоўныя казкі. Уладзімер Дубоўка пачаў пісаць свае хрэстаматыйныя казачныя творы праз дваццаць гадоў пасьля таго, як загінуў яго адзіны сын. А ці былі ўласныя дзеці ў Аскара Ўайльда? Льюіса Керала? Таму наяўнасьць (ці адсутнасьць) дзяцей ніяк не ўплывае на якасьць створанай казкі.
— Жанр «дзіцячай літаратуры» на першы погляд здаецца вельмі простым, але аб яго спатыкнуліся многія знакамітыя стваральнікі «дарослай літаратуры». Вам не падалося, што Вы адразу ж замахнуліся на самы складаны з усіх літаратурных жанраў?
— Многія нашы выдатныя пісьменьнікі (Міхась Лынькоў, Васіль Вітка, Алесь Пальчэўскі, Эдзі Агняцьвет, Васіль Хомчанка) стваралі казкі, бо менавіта ў гэтай дзівоснай прасторы, праз тонкую мэтафару, гумар можна было пры любым надвор’і выказацца пра што заўгодна. Гэтым цудоўна карыстаўся, скажам, Янка Маўр, які і ў адносна спрыяльныя 20-я і ў дзікія 30-я гады змог застацца самім сабой: яркім, цікавым, творча-свабодным. Калі я на нешта і «замахнуўся», дык толькі на тое, каб займець гэтак прыемнае і неабходнае адчуваньне творчай радасьці, якая была ўласьціва ня толькі Янку Маўру, а таксама маім любімым Івану Муравейку, Ніне Галіноўскай, Уладзімеру Ягоўдзіку, Алене Масла, Алесі Панцак. У галіне дзіцячай літаратуры яны робяць цуды.
— Ваша першая кніга ў цудоўным афармленьні і ў шыкоўным фармаце выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі. Многія масьцітыя творцы краіны ня маюць такой раскошы. Падзяліцеся, калі ласка, сваім досьведам шляху кнігі ад аўтара да чытача праз дзяржаўнае выдавецтва.
— Так, я з Вамі згодзен, што Аксана Аракчэева калі аздабляла «Таямніцы нашага садка», то стварыла проста сапраўдны мастацкі шэдэўр. Ілюстрацыі яркія, зьмястоўныя, іранічныя, шматгранныя паводле псыхалягічнай напоўненасьці, вясёлыя. Мне вельмі прыемна, што спадарыня Аксана пагадзілася стаць маёй мастачкай, для мяне гэта вялікі гонар. Так, мне вельмі пашанцавала, бо і дырэктар «Мастацкай літаратуры» Алесь Бадак і галоўны рэдактар выдавецтва Віктар Шніп, непасрэдны рэдактар маёй кнігі цудоўная спадарыня Паліна Грынчанка паставіліся да рукапісу са шляхетнай увагай і тым спрыяньнем, з якім Цішка Гартны ставіўся да сваіх маладых аўтараў, калі ўзначальваў Беларускае дзяржаўнае выдавецтва. Выхад любой кнігі ў наш час — гэта сапраўдны цуд, шчасьлівы зьбег зорак. Асабліва прыемна, калі такія цуды адбываюцца бліжэй да Новага года.
Вельмі спадзяюся, што мая першая кніга «Таямніцы нашага садка» спадабаецца ўсім, хто ва ўзросьце ад пяці да ста пяці гадоў мае вясёлы настрой і не патанае ў смутнаглядзтве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Герадота да Рэспублікі Беларусь. Завершаная праца над «Вялікім гістарычным атлясам» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нечаканая кніжка, выцягнутая перакладчыкам зь цёмнай кладоўкі забыцьця» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юры Станкевіч: Марціновіч і Бахарэвіч — публіцысты, а Горвата я прачытаў нават два разы