Сынод Сусьветнага патрыярхату зацьвердзіў праект статуту Ўкраінскай аўтакефальнай царквы

Канстантынопальскі патрыярх Барталамей І.

Архірэйскі Сынод Сусьветнага патрыярхату ў Стамбуле 29 лістапада зацьвердзіў праект статуту для аўтакефальнай Украінскай праваслаўнай царквы.

Як піша BBC, Сынод Сусьветнага патрыярхату ня паведаміў канчатковай даты правядзеньня аб’яднаўчага сабору памеснай праваслаўнай царквы Ўкраіны, аднак паводле папярэдніх паведамленьняў, ён павінен адбыцца ў сьнежні.

«У кантэксьце папярэдняга рашэньня Сусьветнага патрыярхату аб прадстаўленьні аўтакефаліі ўкраінскай царквы і падрыхтоўцы да наданьня патрыяршага і сынадальнага Томасу Сьвяты Сынод ўхваліў праект канстытуцыйнага статуту Ўкраінскай царквы», — гаворыцца ў паведамленьні для СМІ ў Стамбуле.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея і РПЦ не заўважаюць, што побач узьніклі дзьве ідэнтычнасьці — украінская і беларуская»

19 лістапада Сусьветны патрыярх паведаміў, што аб’яднаўчы сабор Украінскай памеснай праваслаўнай царквы адбудзецца ў сьнежні. Але дакладную дату правядзеньня сабору паабяцаў зацьвердзіць на пасяджэньні Сыноду 27-29 лістапада.

Пасьля гэтага прэзыдэнт Пётар Парашэнка і сьпікер Вярхоўнай Рады Андрэй Парубій анансавалі, што на пасяджэньні Сыноду таксама зацьвердзяць Томас аб прадстаўленьні аўтакефаліі ўкраінскай царкве.