Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея і РПЦ не заўважаюць, што побач узьніклі дзьве ідэнтычнасьці — украінская і беларуская»


«Расея і РПЦ не заўважаюць, што ўзьніклі дзьве ідэнтычнасьці — украінская і беларуская»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:35:50 0:00

«Расея і РПЦ не заўважаюць, што ўзьніклі дзьве ідэнтычнасьці — украінская і беларуская»

Што азначаюць для Беларусі рашэньні Сынодаў Канстантынопальскага і Маскоўскага патрыярхатаў? Ці стаў лягчэйшым шлях беларускага праваслаўя да аўтакефаліі? Абмяркоўваюць Сяргей Абламейка, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст і вядучая Ганна Соўсь.

Прапануем фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: 15 кастрычніка ў Менску Сынод Расейскай праваслаўнай царквы пасьля 6-гадзіннага пасяджэньня агучыў свой адказ на рашэньні Канстантынопальскага патрыярхату адносна ўкраінскага праваслаўя. Валер, як вы мяркуеце, чаму Маскоўскаму патрыярхату спатрэбілася правесьці Сынод менавіта ў Менску? І чаму Аляксандар Лукашэнка дазволіў правесьці Сынод у беларускай сталіцы?

Валер Карбалевіч: Рашэньне аб правядзеньні гэтага Сыноду ў Менску было прынятае яшчэ вясной, калі пытаньне пра ўкраінскую аўтакефалію не стаяла на парадку дня. Але калі яно зьявілася, мне падаецца, што кіраўніцтва РПЦ вырашыла, што гэта вельмі ўдалая сытуацыя. З аднаго боку Беларусь — сусед Украіны, і менавіта з суседняй краіны можна нанесьці ўдар па ўкраінскай аўтакефаліі. А зь іншага боку Беларусь — гэта краіна, дзе пазыцыі Расейскай праваслаўнай царквы вельмі моцныя, і таму менавіта зь Менску можна прадэманстраваць сілу і Ўкраіне, і Канстанцінопальскаму патрыярхату.

Чаму Лукашэнка дазволіў? У той сытуацыі, калі яшчэ вясной было вядома аб правядзеньні Сыноду ў Менску, адмаўляць яму цяпер было б вялікім скандалам. Магчыма, што пытаньне аб правядзеньні гэтага Сыноду ў Менску было адной з тых умоваў эканамічнай дапамогі Расеі, якія выставіла Масква падчас апошніх самітаў, апошніх перамоваў паміж Лукашэнкам і Пуціным. І Лукашэнку проста немагчыма было адмовіцца, хоць гэта і ня нешта прыемнае. Я ўжо параўноўваў, што гэта падобнае на вайсковыя вучэньні, якія былі летась у Беларусі. Таксама Беларусі ня вельмі прыемна, але гэта — частка абавязальніцтваў Беларусі перад Расеяй.

Ганна Соўсь: Аляксандар Лукашэнка сустрэўся і з патрыярхам Кірылам, і з усім складам Сыноду. З таго, што ён заяўляе, за каго ён — за Маскоўскі патрыярхат ці за Канстантынопальскі?

Юры Дракахруст: Ён манэўруе, спрабуе вытрымаць балянс. Лукашэнка супраць расколу, ня хоча расколу, дык і Патрыярх Кірыл супраць расколу, і Патрыярх Барталамей са свайго бачаньня таксама супраць расколу. Ён можа сказаць, дык мы наадварот аб’ядноўваем праваслаўе, прынамсі праваслаўе ва Ўкраіне тым, што даем аўтакефалію.

Лукашэнка фактычна дыстанцуецца ад гэтага канфлікту. Зьвярну ўвагу на ягоную фразу, што ў нашых землях царква аказвалася залежнай ад палітыкі. У дадзеным выпадку гэта намёк на тое, што ягоны суразмоўца таксама вельмі залежны ад палітыкі. У нечым ягоная лінія вельмі падобная на палітыку Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Беларусь жа не гаворыць, што яна на баку Расеі цалкам. Гэта таксама балянс.

Ганна Соўсь: Сяргей, як вы мяркуеце, ці магчыма, што ў адказ на ляяльнасьць, на тое, што менавіта Менск стаў месцам правядзеньня Сыноду, беларуская праваслаўная царква атрымае большую аўтаномію, чым мае зараз, скажам такую ж, якую зараз мае Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату?

Сяргей Абламейка: На маю думку, ня можа. Пазыцыя расейскай праваслаўнай царквы і Масквы паказвае, што чым больш аддаляецца ад Масквы Ўкраіна, тым больш у іх будзе жаданьня ўтрымаць у сваіх руках хаця б Беларусь. У гэтым праяўляецца ў пэўнай ступені трагізм гэтай сытуацыі. Трагізм найперш у трагічным неразуменьні Расеяй і Расейскай праваслаўнай царквой таго гістарычнага факту, што зьмяніліся абставіны.

Расея і РПЦ або робяць выгляд, або сапраўды рэальна не разумеюць, не заўважаюць, што ўзьніклі дзьве ідэнтычнасьці побач з Расеяй — украінская і беларуская. І самае лепшае, што можна было зрабіць — прыехаць разам з Барталамеем у Кіеў і даць аўтакефалію ўкраінскай царкве і застацца сябрамі, і тое самае зрабіць у Менску пасьля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG