Вайна ёсьць вайна. Адзін бок у ёй цярпіць больш, другі менш, але звычайна страты нясуць абодва праціўнікі. А бой у Азоўскім моры ў гэтым сэнсе нейкі дзіўны. Параненыя толькі ўкраінскія вайскоўцы, захопленыя ў палон (больш як два дзясяткі ўзброеных матросаў і афіцэраў) таксама толькі ўкраінцы. Арыштаваныя судны — усе ўкраінскія. Чаму яны не абараняліся, калі па іх стралялі, калі ўзьнікла пагроза палону і захопу іхных караблёў?
Усё, што было потым і што дагэтуль застаецца ў загалоўках усіх сусьветных СМІ, лягічна і зразумела. Украінскія ўлады абвяшчаюць ваеннае становішча, устрывожаны Захад выказвае пратэсты і абмяркоўвае магчымасьць увядзеньня супраць Масквы новых санкцыяў; крызіс у Керчанскай пратоцы становіцца тэмай для дэбатаў у Радзе Бясьпекі ААН... А вось чаму ўкраінскія вайскоўцы не абараняліся, калі іх атакавалі — ніхто не абмяркоўвае, нібы гэта нейкае другараднае пытаньне, адказ на якое сам па сабе ўсім зразумелы.
Адметна, што гэтая тэма практычна ніяк не закранаецца і ва ўкраінскіх СМІ. Праўда, у першых паведамленьнях агенцыі УНІАН 26 лістапада са спасылкай на крыніцы ў сілавых структурах акупаванага Крыму коратка паведамлялася, што ўкраінскія маракі пры затрыманьні нібыта ўсё ж аказалі супраціў, але пазьней гэтая тэма нікім і ніяк не разьвіваецца. Ці быў той супраціў, а калі быў, то які — незразумела.
Зьяўляюцца паведамленьні пра значную колькасьць стралковай зброі на захопленых караблях, прадрабязнасьці пра раненьні вайскоўцаў, пра тое, як вёўся абстрэл з расейскага боку. Пра дзеяньні ўкраінскіх экіпажаў пасьля пачатку абстрэлу і спробаў захапіць іх у палон — нічога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім морыДакладна гэтае ж пытаньне вісела ў паветры ўвесну 2014 году, калі ўкраінскія вайсковыя часткі ў Крыме адна за другой без усялякага супраціву складвалі зброю, пакідалі пазыцыі, дазвалялі блякаваць казармы і арсэналы, уцякалі з паўвыспы. Потым значная частка афіцэраў і генэралаў прысягнула на вернасьць Расеі, пры гэтым адкрыта здрадзіўшы прысязе, якую раней давала на вернасьць Украіне.
Тады, у 2014-м, Аляксандар Лукашэнка пасьля працяглай паўзы агучыў супярэчлівую афіцыйную пазыцыю Беларусі ў гэтай праблеме, у якой знайшлося месца і гэтаму відавочнаму пытаньню. Вось красамоўны фрагмэнт з прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнкі расейскім журналістам 17 кастрычніка 2014 году:
«Я ўкраінцам пасьля інаўгурацыі Парашэнкі і ўсім журналістам сказаў: хлопцы, вы што, лічыце, што Крым ваш? Чаму вы тады не ваявалі за гэты Крым? Чаму вы яго аддалі Расеі без адзінага стрэлу? Значыць, вы ня лічыце, што гэта ваша тэрыторыя...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канатаходзец ЛукашэнкаНу добра, тады панавала палітычнае бязладзьдзе. Украінскія генэралы былі ў разгубленасьці, ня ведалі, чые загады выконваць. Армія, кажуць, была дэмаралізаваная і небаяздольная. А цяпер?
Яшчэ зусім нядаўна, у красавіку 2018-га, зьявілася паведамленьне, што ўкраінская армія ўвайшла ў топ-8 наймацнейшых армій Эўропы (пасьля Францыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Італіі, Гішпаніі, Польшчы і Грэцыі). Як падлічылі складальнікі рэйтынгу, аналітыкі Global Firepower, колькасьць Узброеных сілаў Украіны складае 182 тысячы чалавек, 2214 танкаў, 11 868 баявых бронемашын, 240 самалётаў...
Дык чаму яны не абараняліся? Хтосьці скажа: сілы былі няроўныя, баяліся праліць кроў, магла б пачацца вайна... А хіба кроў не пралілася? Хіба вайна ня йдзе? Хіба ўкраінскія тэрыторыі не акупаваныя ўжо чатыры гады? І хіба ўкраінскія вайсковыя статуты не абавязваюць салдатаў і афіцэраў абараняць радзіму са зброяй у руках — асабліва ў выпадку, калі вораг нападае?
Да таго ж перамогу ва ўзброеным канфлікце (асабліва перамогу маральную) атрымлівае далёка не заўсёды той, у каго больш гармат і кулямётаў. Калі б зімой 1939-га маленькая Фінляндыя паслухмяна паддалася ўльтыматумам агрэсіўнага СССР, апраўдваючыся бессэнсоўнасьцю супраціву і слабасьцю сваіх сапраўды нешматлікіх узброеных сілаў, ня стала б у 1940-м незалежнай Фінляндыяй: новапрызначаныя камісары Карэла-Фінскай ССР ужо сядзелі ў абозе Чырвонай Арміі, рыхтуючыся ўехаць у Хэльсынкі на танках пад чырвоным сьцягам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як афіцыйныя мэдыя Беларусі асьвятляюць расейска-ўкраінскі канфлікт у Азоўскім морыУ гэтыя хвіліны беларускія тэлеканалы ўсьлед за расейскімі паказваюць прыніжальныя, яўна змушаныя маналёгі палонных украінскіх маракоў. «Усьведамляў, што мае дзеяньні носяць правакацыйны характар», — паўтарае чыюсьці чужую фразу маладзенькі напалоханы матрос. Голас за кадрам паведамляе, што сярод палонных — афіцэры Службы бясьпекі Украіны. Атрымліваецца, і яны паслухмяна здаліся ў палон?
...Палітычнае кіраўніцтва Украіны, увёўшы ваеннае становішча, апэлюе да сусьветнай супольнасьці, заклікае да новых санкцый супраць Расеі, да цьвёрдай пазыцыі Эўразьвязу і NATO. Пры гэтым усім зразумела, што ні NATO, ні Эўразьвяз ня будуць абараняць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны, калі яна ня будзе рабіць гэта сама, сіламі ўласнай арміі.
...Беларусь тым часам маўкліва стаіць у баку, назіраючы за тым, што ў любую хвіліну можа здарыцца і зь ейнай незалежнасьцю.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.