Вернікі прыходу сьвятога Архангела Міхаіла, што ў менскім мікрараёне Сухарава, перадалі кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы мітрапаліту Паўлу зварот у сувязі з скасаваньнем беларускамоўных літургіяў, якія служыліся раз на месяц з сакавіка 2015 году.
У Менскай эпархіі, куды Свабода зьвярнулася па камэнтар, сказалі, што варта пачакаць, што адкажа вернікам мітрапаліт Павел.
Паводле прыхаджанаў, пры плянаваньні службаў на лістапад і далейшыя месяцы высьветлілася, што літургіі на беларускай мове на сьвята Раства, як гэта было тры гады запар, не плянуецца, а колькасьць беларускамоўных літургіяў скарачаецца — яны будуць толькі раз на тры месяцы ў будзённы дзень.
Раней беларускамоўныя літургіі ў прыходзе сьвятога Архангела Міхаіла служыў айцец Аляксандар Шрамко, якога за крытыку патрыярха Кірыла сёлета ў кастрычніку вызвалілі ад пасады сьвятара «бяз права служэньня, нашэньня ярэйскага крыжа і даваньня блаславеньня».
Эпархія: Бракуе беларускамоўных сьвятароў
У Менскай эпархіі Свабодзе сказалі, што ў храме Архангела Міхаіла бракуе беларускамоўных сьвятароў.
«Сапраўды, там служыў Аляксандар Шрамко, у кастрычніку яго вызвалілі ад пасады. І служыць па-беларуску там няма каму. Пакуль, да вырашэньня праблемы, магу прыхаджанам параіць наведваць іншыя храмы: у сталіцы ў Менскай духоўнай акадэміі, у Петрапаўлаўскім саборы ёсьць беларускамоўныя набажэнствы. А наагул — так, у многіх цэрквах бракуе сьвятароў, якія могуць весьці набажэнствы, казаньні па-беларуску», — прызналі ў Менскай эпархіі.
Шрамко: Сьвятары ня хочуць напружвацца
Сам айцец Аляксандар Шрамко сказаў Свабодзе, што шукаць праблему варта ня ўверсе, бо яна ідзе зьнізу: маўляў, мітрапаліт бласлаўляе беларускамоўныя службы, а тармозяць унізе, сьвятарам ня хочацца лішняй нагрузкі.
«У нашым храме беларускамоўная служба была ў нядзелю, і гэта была мая добрая воля. У храме былі яшчэ два сьвятары, якія могуць служыць па-беларуску, але адзін нядаўна сышоў у іншы прыход. Другі сказаў, што будзе служыць раз на тры месяцы, і да таго ж у будзённы дзень. А ў хрысьціянаў гасподні дзень — нядзеля. І ў нашым прыходзе магчымасьць служыць у нядзелю ёсьць. Звычайна не хапае памяшканьняў, а тут — тры храмы, і адзін фактычна пустуе, там толькі хрышчэньні праводзяцца, і мы служылі ў нядзелю — у гэтым была наша галоўная адметнасьць. Проста сьвятары ня хочуць напружвацца, хочуць, каб у іх менш было нагрузкі, турботаў», — выказаў сваё меркаваньне былы сьвятар прыходу Архангела Міхаіла ў Сухараве Аляксандар Шрамко.
Паводле Шрамка, праблема наагул у кансэрватыўнасьці праваслаўнай царквы: сьвятары служаць на царкоўнаславянскай мове, і пераходзіць на іншую ім цяжка.
«У іншых цэрквах — у Баўгарыі, Сэрбіі — моляцца і на сваіх мовах. Што да Расеі, гэта яшчэ не дайшло, хоць у іх ёсьць пераклады, але па-расейску там ніхто ня служыць. Што да Беларусі, тое, што служаць па-беларуску, ёсьць якасныя пераклады многіх царкоўных кніг — гэта ўжо прагрэс», — мяркуе Аляксандар Шрамко.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Заслаўскай царкве пачалі весьці службы на беларускай мове. Дзе яшчэ? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Протаярэй Сергій Лепін пра раскол царквы, «русский мир», п’яных сьвятароў і сваю сям’ю