Чытаем з малым сынам «Міколку-паравоза» Міхася Лынькова — кнігу майго маленства, якая і цяпер застаецца ў школьнай праграме і на якой за мінулыя восемдзесят гадоў выгадавалася некалькі пакаленьняў беларускіх дзяцей. Малы зь неўразуменьнем азіраецца на мяне, калі я раптам пасярод зусім ня сьмешнага тэксту зарагатаў:
«...За станцыяй яшчэ чуліся стрэлы. То не здаваліся на некаторых вуліцах жандары і гарадавыя. Але стрэлы былі радзей і радзей. Міколка кінуўся ў горад. Па галоўнай вуліцы вялі групу арыштаваных. Тут было некалькі афіцэраў, жандары, кучка гарадавых. Усе яны скоса пазіралі на народ, і злосныя агеньчыкі паблісквалі ў іх пахмурых вачах.
— А... фараоны, папаліся, гады! Ня век жа вам чужую кроў смактаць! — чуліся паасобныя выклікі людзей з тратуараў, з вуліцы..»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя апублікавала ВІДЭА выбачэньняў хлопца перад помнікам царскаму гарадавомуДагэтуль дакладна невядома, каму з высокіх міліцэйскіх чыноў два гады таму прыйшла ў галаву ідэя ўшанаваць у цэнтры Менску абагулены вобраз гарадавога. Таго самага гарадавога, які на працягу апошняга стагодзьдзя лічыўся сымбалем самых змрочных рэакцыйных сілаў Расейскай імпэрыі, увасабленьнем гвалту і несправядлівасьці, задушэньня свабоды і роўнасьці, абаронцам ненавіснага царскага рэжыму.
Наўрад ці памылюся, калі выкажу здагадку, што ініцыятар усталяваньня гэтай скульптуры не чытаў у дзяцінстве «Міколку-паравоза», не любіў расейскіх пісьменьнікаў — рэвалюцыйных дэмакратаў. І, апроч таго, кепска вывучаў Леніна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя ў Беларусі якраз і пачыналася з разгону гарадавыхНе скажу, што я заўсёды дакладна памятаў, што Ільіч казаў пра гарадавых. Але, ведаючы гісторыю складаных узаемадачыненьняў пралетарскага правадыра з царскім рэжымам, здагадваўся, што гэтую тэму ён ня мог абысьці. І сапраўды, чытаем у ленінскім лісьце «У баявы камітэт пры Санкт-пецярбурскім камітэце» ад 16 кастрычніка 1905 году:
«Стварайце зараз жа баявыя дружыны паўсюль, і ў студэнтаў, і ў рабочых асабліва... Няхай зараз жа ўзбройваюцца яны як могуць, хто рэвальвэрам, хто нажом, хто анучай з газай для падпалу... Няхай кожны атрад сам вучыцца хоць бы на зьбіваньні гарадавых...»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За знос менскага помніка царскаму гарадавому пачалі збор подпісаўЯшчэ не было ў Менску і Беларусі скульптуры, якая б за два гады свайго існаваньня зьведала столькі эмацыйных знакаў увагі з боку неабыякавых грамадзянаў і мела б патрэбу ў такой пільнай ахове. І пятлю на шыю ёй накідвалі, і сабакам цкавалі, і пэрформансы наладжвалі... Цяпер вось дайшла справа да аплявухі. Што адметна: падлетак дзейнічаў у поўнай адпаведнасьці зь ленінскім запаветам.
І канца гэтаму грамадзкаму неспакою вакол спрэчнай фігуры ў блізкай будучыні не відаць. Давядзецца альбо ствараць асобнае міліцэйскае падразьдзяленьне для аховы бронзавага гарадавога, альбо прызнаць палітычную памылку і перарабіць статую ў што-небудзь не такое контравэрсійнае. Напрыклад, у дзядзя Сьцёпу зь вядомага ўсім савецкім дзецям верша Сяргея Міхалкова. Дзядзя Сьцёпа, як вядома, на іншадумцаў не паляваў, рэвалюцыянэраў не арыштоўваў, а праславіўся тым, што пераводзіў бабулек праз вуліцу ды ратаваў піянэраў з палонкі.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.