Відэа, у якім мужныя і пільныя міліцыянты ловяць вандала ля помніка Гарадавому (ці з дастаткова вялікай літары напісала я гэтае слова?), тым больш відовішча, дзе белакуры вандал шчыра просіць выбачэння ў помніка, узрушыла мяне да самых глыбінь душы.
Так! Перапрасіць у помніка! Менавіта гэтага так не хапае нам у нашай стабільна няшчаснай краіне недавучаных дзяцей, недалечаных хворых, недаабароненых ад гвалту жанчын і рана паміраючых мужчын. Ідэя вялікага, агульнанацыянальнага фэстывалю перапрашэньня ў помнікаў сама сабой узьнікла і запалала паходняй у маёй настаўніцкай галаве.
У першую чаргу я б хацела запрапанаваць нашым мужным і пільным абаронцам помнікаў пасадзіць у сваю машыну Леаніда Зайдэса — і няхай ён публічна і шчыра выбачыцца перад помнікам усім расстраляным у Курапатах. Ад самага лета да яго ганебнага рэстарану едуць-ядуць розныя асобы, якім ніяк ня едзецца і ня есца ў іншых, прыдатных для ежы, месцах — выбачацца можна да самага раньня.
Потым давайце зьбярэм некалькі аўтобусаў тых, хто адмаўляецца адкрываць беларускія групы ў садках, беларускія клясы ў школах, усіх, хто адчайна кладзецца на шляху выкладаньня беларускай гісторыі па-беларуску ў беларускіх школах — і завязем іх выбачыцца перад помнікам літары «Ў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя апублікавала ВІДЭА выбачэньняў хлопца перад помнікам царскаму гарадавомуНедалёка ад гэтага помніка можна экскурсійныя аўтобусы яшчэ раз спыніць — і тым жа складам выбачыцца перад помнікам беларускай дзяржаўнасьці, якая насамрэч пачынаецца не ад 1917 году, а крыху раней, раней, помнік, мы ўсьведамілі, мы цяпер ведаем, і ўсім кажам, выбачай нам, помнік!
Велічны і трагічны, чакае ля сваіх ног складальнікаў праграм па беларускай літаратуры помнік Янку Купалу — доўга, доўга, са сьлязьмі павінны выбачацца перад ім складальнікі тых праграм, у якіх усё менш беларускай літаратуры, і ўсё больш белліту.
Міністар па падатках і зборах, а таксама правяральнікі ягонага міністэрства няхай выбачацца перад помнікам гандлярцы на Камароўцы — божухна мой, колькі цярпіць тая гандлярка ад празьмерна прагных зьбіральнікаў і правяральнікаў!
Міністэрства культуры, а таксама кіраўніцтва Спэцкамбінату да вясны ня ўправяцца выбачацца перад гранітнымі нашлёпкамі, якія ляжаць цяпер на Вайсковых могілках на месцах, дзе раней стаялі помнікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хаця б нашчадкаў спыталі». Гісторыі людзей, чые сваякі пахаваныя на Вайсковых могілкахНу, і фінальным мерапрыемствам я б арганізавала вялікую вандроўку ў Амэрыку, краіну капіталістаў і буржуа, няхай бы адплыў туды ад якога зручнага порту вялікі лайнэр, на які сабралі б мы чыноўніцтва рознага ўзроўню — і памкнулі б яны па акіянскіх хвалях да берагу Нью-Ёркскай бухты, каб горача і гучна выбачыцца перад статуяй Свабоды.
Адаго не магу прыдумаць: перад якім помнікам запрапанаваць выбачыцца пільным і мужным міліцыянтам?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.