І ўлада, і незалежная экспэртная супольнасьць асьцярожна намацваюць ідэю нэўтралітэту як нейкай дасяжнай пэрспэктывы для Беларусі. І ўся праблема ў тым, як вылузацца з саюзьніцкіх абдымкаў Расеі, якая ці то абараняе, ці то пагражае.
13 лістапада ў Менску адбылося, на першы погляд, малазаўважнае мерапрыемства, якое, аднак, з гледзішча палітычнай пэрспэктывы можа стаць знакавым. Экспэртная ініцыятыва «Менскі дыялёг» з удзелам значнай колькасьці іншаземцаў, дыпляматаў арганізавала абмеркаваньне тэмы нэўтралітэту ў вонкавай палітыцы.
Мерапрыемства прайшло ў фармаце варштату (workshop). Прадстаўнікі Швайцарыі, Аўстрыі, Швэцыі, Фінляндыі, Мальты дзяліліся досьведам нэўтралітэту сваіх краін. Падкрэсьлівалася, што форум праводзіцца ў рамках старшынства Аўстрыі ў Радзе Эўразьвязу. Былі прадстаўнікі краін «Усходняга партнэрства», у прыватнасьці, Украіны. Што важна адзначыць, прадстаўніцтва Расеі не было.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія дыпляматы абмеркавалі з чальцамі Палаты прадстаўнікоў нэўтралітэт. Без удзелу прадстаўнікоў РасеіЦікава, што БелТА, даючы інфармацыю пра згаданае мерапрыемства, паспрабавала прыхаваць яго асноўную тэму. Матэрыял на сайце дзяржаўнага агенцтва атрымаў такую нявінную назву: «Беларусь узяла ўдзел у абмеркаваньні пытаньняў бясьпекі ў краінах „Усходняга партнэрства“».
Асьцярожнасьць БелТА зразумелая. На апошняй вечаровай дыскусіі праўладны палітоляг Аляксей Бяляеў, які на усіх падобнага роду зборках «дае адпор ворагам», заявіў, што сама тэма форуму — гэта правакацыя, бо Беларусь — вайскова-палітычны саюзьнік Расеі, зьвязаны зь ёй шэрагам дамоваў у рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ.
З фактам саюзьніцтва ніхто не спрачаўся. Аднак, пры ўсім пры тым, сабраных вітаў уступным словам намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка, які затым актыўна ўдзельнічаў у працы першай панэлі. Бралі ўдзел у мерапрыемстве і дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заходнія дыпляматы абмеркавалі з чальцамі Палаты прадстаўнікоў нэўтралітэт. Без удзелу прадстаўнікоў РасеіБеларускія афіцыйныя прадстаўнікі казалі, што тэма форуму актуальная для Беларусі, бо ў Канстытуцыі (артыкул 18) запісана: «Рэспубліка Беларусь ставіць сваёй мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бязьядзернай зонай, а дзяржаву — нэўтральнай». Нагадвалі, што Беларусь — чалец Руху недалучэньня, што заканадаўства забараняе адпраўляць беларускіх вайскоўцаў для ўдзелу ў ваенных дзеяньнях за межы краіны.
Апошнім часам Лукашэнка, іншыя афіцыйныя асобы шмат кажуць пра міралюбнасьць, міратворчасьць, пасярэдніцтва Беларусі ва ўрэгуляваньні міжнародных канфліктаў. Аднак слова «нэўтралітэт» у прымяненьні да беларускай замежнай палітыкі не ўжывалі.
Быў толькі адзін эпізод. У сьнежні 2014 году Лукашэнка паехаў у туркмэнскую сталіцу Ашгабат, каб узяць удзел у мерапрыемствах, прысьвечаных 20-годзьдзю абвяшчэньня Туркмэністанам палітыкі нэўтралітэту. Выступаючы на міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай гэтаму юбілею, кіраўнік Беларусі ўсяляк хваліў замежную палітыку гэтай краіны і ўрэшце зрабіў выснову: «Вось гэта і ёсьць фактычна той ідэал разьвіцьця дзяржавы, да якога ўсе мы павінны імкнуцца».
Яўген Прэйгерман і Дзяніс Мельянцоў, якія выступалі ад імя экспэртнай ініцыятывы «Менскі дыялёг», ахарактарызавалі замежную палітыку Беларусі тэрмінам «сытуатыўны нэўтралітэт». Увесь ход форуму дэманстраваў, што і ўлада, і незалежная экспэртная супольнасьць асьцярожна намацваюць ідэю нэўтралітэту як нейкай дасяжнай пэрспэктывы для Беларусі. І ўся праблема ў тым, як вылузацца з саюзьніцкіх абдымкаў Расеі, якая ці то абараняе, ці то пагражае. Дарэчы, беларуская грамадзкая думка спачувальна ставіцца да гэтай ідэі. Хоць беларусы ў большасьці і на баку РФ у яе канфліктах з Захадам і Ўкраінай, аднак супраць таго, каб удзельнічаць у іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь-Расея: аптымізацыя братэрстваАле на шляху беларускага нэўтралітэту існуюць моцныя сыстэмныя перашкоды. Гэта тыя самыя дамовы ў рамках Саюзнай дзяржавы, АДКБ, ЭАЭС. Гэта моцная эканамічная залежнасьць ад Расеі. Гэта фактычная гарантыя з боку Расеі на пажыцьцёвае кіраваньне Лукашэнкі. Гэта моцнае прарасейскае лобі ў кіроўных колах, якое асабліва заўважна ў асяродзьдзі ідэалягічнай абслугі.
Адзіная надзея — на лёгіку гістарычнага працэсу і інстынкт самавыжываньня беларускага соцыюму паміж двума цэнтрамі сілы, якія моцна канкуруюць паміж сабой.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.