Блогер Лапшын: «Мне „зьлілі“ дакумэнт ад імя беларускага пракурора»

Аляксандар Лапшын падчас экстрадыцыі ў Азэрбайджан 7 лютага 2017 году

Зь невядомага акаўнта ў сацыяльнай сетцы Аляксандар Лапшын атрымаў заяву сваіх адвакатаў пра прадстаўленьне яму дадатковай абароны зь пячаткай СІЗА № 1. Беларускія праваахоўныя органы сьцьвярджалі, што такой заявы ад яго не атрымлівалі — і таму мелі права яго выслаць з краіны.

Аляксандра Лапшына затрымалі ў сьнежні 2016 году ў Менску на запыт Інтэрполу, зроблены Азэрбайджанам. Блогера абвясьцілі ў міжнародны вышук за наведваньне Нагорнага Карабаху без дазволу ўладаў Азэрбайджану.

У сваім допісе ў Фэйсбуку Лапшын прыводзіць скрыншот заявы ад сваіх адвакатаў Маслава і Шэкінай на прадстаўленьне яму дадатковай абароны ад 2 лютага 2017 году. На ім відаць пячатку СІЗА № 1 г. Менску з уваходным нумарам рэгістрацыі 809 і датай 3.02.2017. 7 лютага беларускія ўлады перадалі Лапшына Азэрбайджану. 8 лютага начальнік дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі Анатоль Бягун заявіў Інтэрфаксу, што Лапшын не падаваў аніякіх хадайніцтваў. Ён дадаў, што калі б такое хадайніцтва было, Лапшын змог бы заставацца ў краіне на тэрмін разгляду ягонай заявы.

​Беларускі адвакат Лапшына Яўген Маслаў на просьбу пацьвердзіць, ці сапраўды ён падаваў такое хадайніцтва, адказаў, што «ня можа камэнтаваць гэтую справу». Тэлефоны прэсавай службы МУС РБ не даступныя для камэнтароў.

Аляксандар Лапшын кажа, што дакумэнт яму даслалі з акаўнта з жаночым імем, але ад імя беларускага пракурора, які быў задзейнічаны ў ягонай справе. Радыё Свабода запытала ў Аляксандра Лапшына, ці дапускае ён, што гэты дакумэнт сапраўды даслаў сам пракурор:

«Ня думаю, што гэта N. Але гэта не прынцыпова. Галоўнае, што дакумэнт у мяне на руках. І гэты дакумэнт даводзіць, што ўлады Беларусі незаконна выдалі мяне Азэрбайджану, схаваўшы маю заяву пра дадатковую абарону, — кажа Аляксандар Лапшын. — Я ўжо адправіў гэты дакумэнт у ААН у Жэнэву на дадатак да раней пададзеных дакумэнтаў. Кажуць, што ў 2019 годзе ўжо прымуць рашэньне па маёй скарзе супраць Беларусі».

Аляксандар Лапшын мяркуе, што дакумэнт нездарма зьявіўся напярэдадні візыту ў Менск кіраўніка Азэрбайджану Ільхама Аліева.

«Наколькі я разумею, візыт Аліева ў Менск прабудзіў нейкую барацьбу ўнутры кіраўніцтва Беларусі, — мяркуе ён. — Беларусь, сама таго не жадаючы, апынулася ў эпіцэнтры армяна-азэрбайджанскага канфлікту. У маім выпадку Беларусь выдала чалавека, які наведаў акупаваныя (з пункту гледжаньня Азэрбайджану) тэрыторыі. Але як тады быць з грамадзянамі Беларусі, якія наведваюць Крым? Асабліва ў сьвятле таго, што Парашэнка на мінулым тыдні падпісаў закон аб крымінальнай адказнасьці за наведваньне Крыму ў абыход Украіны? Выходзіць, Беларусь паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Азэрбайджану, але не паважае тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны?»

Аляксандар Лапшын быў затрыманы ў сьнежні 2016 году ў Менску. Беларускія ўлады заявілі, што затрымалі Лапшына на запыт Інтэрполу, зроблены Азэрбайджанам. Раней улады гэтай краіны завялі на Лапшына крымінальную справу і абвясьцілі яго ў міжнародны вышук, пасьля таго як блогер бязь іхнага дазволу наведаў Нагорны Карабах — тэрыторыю пад кантролем мясцовых армянскіх уладаў, якую Азэрбайджан лічыць сваёй.

Лапшын марна спрабаваў аспрэчыць рашэньне Генпракуратуры Беларусі аб выдачы яго Азэрбайджану, і ў лютым 2017 яго экстрадавалі зь Менску ў Баку. Пры гэтым улады Беларусі праігнаравалі просьбу МЗС Ізраілю аб нявыдачы блогера Азэрбайджану. Пазьней Лапшын казаў, што ў азэрбайджанскай турме яму пагражалі сьмерцю.

Бакінскі суд у Азэрбайджане прысудзіў грамадзяніну Расеі і Ізраілю Аляксандру Лапшыну тры гады пазбаўленьня волі. 11 верасьня Лапшын быў памілаваны прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым і вярнуўся ў Ізраіль.

У кастрычніку 2017 году блогер паведаміў, што падаў скаргу на Беларусь у Камітэт правоў чалавека ААН.

Аляксандар Лапшын ня раз ладзіў акцыі ў падтрымку зьняволеных у Беларусі каля амбасадаў Беларусі ў Вільні і Лёндане і каля будынку Рады Эўропы ў Страсбуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Лапшын правёў перад Радай Эўропы акцыю ў падтрымку зьняволеных у Беларусі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Два гады кашмару», — вызвалілі брытанца, які адбыў у Беларусі два гады няволі