З 1-га сьнежня ў Беларусі адмысловая камісія Міністэрства інфармацыі будзе праводзіць экспэртызу прадукцыі замежных сродкаў масавай інфармацыі.
Яе ўзначаліць намесьнік міністра Павал Лёгкі, паведамляецца ў пастанове Савета міністраў ад 9 лістапада.
Камісія будзе выдаваць альбо не выдаваць дазволы на пашырэньне прадукцыі замежнага СМІ ў Беларусі пасьля аналізу яе адпаведнасьці патрабаваньням заканадаўства. Паводле Паўла Лёгкага, стварэньне камісіі прадугледжана новай рэдакцыяй закона аб СМІ і «вялікай навіны ў гэтым няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палата прадстаўнікоў ухваліла зьмены ў закон аб СМІ, якія забараняюць ананімныя камэнтары«Ніякіх рэвалюцыяў тут няма. Проста парадкуецца праца па экспэртызе прадукцыі замежных СМІ. Яна і раней вялася ў міністэрстве. Мы ж выдавалі дазволы на пашырэньне друкаваных выданьняў, вяшчаньне тэлепраграмаў. Цяпер мы надаем гэтай працы большае значэньне дзеля абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы. Апошнім часам мы назіраем рост пагрозаў, і гэты захад павінен умацаваць бясьпеку і абараніць беларускую інфармацыйную прастору», — сказаў карэспандэнту Свабоды Павал Лёгкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі абнавілі парадак блякаваньня сайтаў. Што новага?Паводле Паўла Лёгкага, у склад камісіі ўвойдуць прадстаўнікі розных дзяржаўных органаў.
«Калі камісія прымае адмоўнае рашэньне на запыт аб пашырэньне СМІ, то яно не зможа распаўсюджвацца. Гэтае рашэньне можа быць абскарджана ў судзе, бо дакумэнты на пашырэньне СМІ падаюць беларускія суб’екты гаспадараньня. Мы разьлічваем, што хоць невялікі крок у бок кантролю за інфармацыйнай бясьпекай на вонкавым контуры будзе зроблены. Наколькі гэта эфэктыўна — пакажа час», — сказаў Павал Лёгкі.
Камісія будзе правяраць толькі тых, хто захоча працаваць як СМІ. Гэта ня тычыцца пагалоўна ўсіх інтэрнэт-сайтаў, даступных на тэрыторыі Беларусі, тлумачыць намесьнік міністра інфармацыі.
«Гэта было б абсурдам. Мы працуем з тымі, хто хацеў бы тут распаўсюджвацца і весьці пэўную дзейнасьць, каб зарабіць альбо за кошт рэклямы, продажу друкаваных выданьняў, альбо яшчэ неяк. Прапановаў у нас вельмі многа, усе хочуць працаваць якраз у статусе СМІ», — сказаў Павал Лёгкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ