Папярэднія неафіцыйныя вынікі галасаваньня на прамежкавых выбарах у ЗША 6 лістапада паказваюць, што дэмакраты бяруць кантроль над ніжняй палатай амэрыканскага Кангрэсу, Палатай прадстаўнікоў, а рэспубліканцы захоўваюць сваю большасьць у Сэнаце.
Рэспубліканская партыя захавае большасьць у верхняй палаце Кангрэсу — Сэнаце, атрымаўшы мінімум 50 галасоў у выніку выбараў, якія прайшлі ў аўторак у Злучаных Штатах.
Падлік галасоў працягваецца, але ўжо атрыманыя вынікі паказваюць, што дэмакраты перамаглі ў 23 «спрэчных» акругах, што патрабавалася ім для атрыманьня большасьці ў Палаце прадстаўнікоў.
Паводле прагнозаў экспэртаў, у выбарах маглі прыняць удзел амаль 100 мільёнаў чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амэрыка на раздарожжы». Чаго чакаць ад выбараў у Кангрэс ЗШАГаласаваньне ўспрымалася многімі выбарнікамі ў значнай меры як рэфэрэндум па ацэнцы першых двух гадоў прэзыдэнцтва Дональда Трампа. Прэзыдэнт ЗША ўжо вітаў вынік кампаніі ў сетцы Twitter, назваўшы гэта «велізарным посьпехам».
Большасць у Сэнаце дазволіць цяперашняй адміністрацыі прызначаць на вышэйшыя дзяржаўныя пасады сваіх людзей. У той жа час посьпех дэмакратаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў дазволіць ім стрымліваць законатворчыя парывы адміністрацыі Трампа і адмаўляць у фінансаваньні яго ініцыятывам, а таксама актывізаваць расьсьледаваньне ягонай дзейнасьці, уключна з расьсьледаваньнем магчымага ўзаемадзеяньня чальцоў яго каманды з Расеяй.
Міністар ўнутранай бясьпекі ЗША Кірстэн Нільсэн сказала, што цяперашнія выбары прэтэндуюць на званьне «самых бясьпечных ў найноўшай эпосе», з пункту гледжаньня абароненасьці ад ўмяшаньня звонку. У той жа час у ведамстве паведамілі пра спробы дэзінфармацыі ў сацыяльных сетках. Хто за імі стаяў, пакуль ня высьветлена.
Напярэдадні выбараў Facebook заблякаваў 115 акаўнтаў у гэтай сацсетцы і ў Instagram у рамках барацьбы з умяшаньнем у выбары ў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ЗША папярэджваюць аб магчымых спробах Расеі паўплываць на выбарыУ ходзе галасаваньня 6 лістапада ў ЗША пераабіраюцца ўсё 435 чальцоў Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата Кангрэсу), прыблізна адна траціна сэнатараў з верхняй палаты (35 чальцоў з 100), а таксама і 36 губэрнатараў штатаў.
З лістапада 2016 году рэспубліканцы мелі большасьць як у Сэнаце, так і ў Палаце прадстаўнікоў.