Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ЗША папярэджваюць аб магчымых спробах Расеі паўплываць на выбары


Датэрміновае галасаваньне ў Лос-Анджэлесе, Каліфорнія, 5 лістапада 2018 году
Датэрміновае галасаваньне ў Лос-Анджэлесе, Каліфорнія, 5 лістапада 2018 году

ЗША не пацерпяць замежнага ўмяшаньня ў выбары з боку Расеі, Кітаю, Ірану або якіх-небудзь яшчэ дзяржаваў, гаворыцца ў супольнай заяве Дэпартамэнту ўнутранай бясьпекі ЗША, Міністэрства юстыцыі, офісу дырэктара Нацыянальнай выведкі і Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША, апублікаванай напярэдадні прамежкавых выбараў у Кангрэс 6 лістапада.

У цяперашні момант у амэрыканскіх спэцслужбаў няма дадзеных пра спробы ўзлому выбарчай інфраструктуры, якія маглі б перашкодзіць галасаваньню, зьмяніць колькасьць галасоў ці паўплываць на іх падлік, адзначаецца ў дакумэнце. Аднак амэрыканцам варта «баяцца» спробаў замежных гульцоў — асабліва Расеі — паўплываць на грамадзкія настроі і пасеяць разлад, распаўсюджваючы фальшывую інфармацыю аб палітычных працэсах і кандыдатах.

Амэрыканскі народ можа зьвесьці гэтыя спробы на нішто, застаючыся дасьведчаным, паведамляючы аб падазроных дзеяньнях і будучы уважлівым спажыўцом інфармацыі, гаворыцца ў заяве.

ЗША маюць намер уводзіць санкцыі супраць замежных грамадзян і структураў за ўмяшальніцтва ў амэрыканскія выбары.

Цяпер Вашынгтон праводзіць расьсьледаваньне меркаванага ўмяшаньня Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў 2016 годзе. У ліпені спэцыяльны пракурор Робэрт Мюлер афіцыйна абвінаваціў 12 грамадзян Расеі, якія, як сьцьвярджаецца, былі ці зьяўляюцца супрацоўнікамі вайсковай выведкі, ва ўзломе сэрвэру Дэмакратычнай партыі ЗША і іншых кібэратаках з мэтай умяшаньня ў выбары.

У верасьні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ пра санкцыі за ўмяшальніцтва ў галасаваньне ў краіне.

У аўторак у ЗША пройдуць прамежкавыя выбары ў Кангрэс, па выніках якіх стане ясна, ці захавае Рэспубліканская партыя большасьць у Палаце прадстаўнікоў. Грамадзяне абяруць 435 чальцоў Палаты прадстаўнікоў, 35 сэнатараў, а таксама больш за шэсьць тысяч заканадаўчых сходаў штатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG