Канстантынопаль не выключае аўтакефаліі ў Беларусі

Прадстаўнік Канстантынопальскага патрыярха пры Сусьветнай радзе цэркваў архіяпіскап Ёў (Геча) у інтэрвію Ўкраінскай рэдакцыі Бі-Бі-Сі ня выключыў магчымасьці наданьня аўтакефаліі ў Беларусі — калі папросяць царква і дзяржава.

На пытаньне журналіста Бі-Бі-Сі пра кананічны статус тэрыторыі Беларусі ў сьвятле адкліканьня сынадальнага ліста 1686 году, архіяпіскап Іёў адказаў:

«Гэта добрае пытаньне. Разумееце — чаму ва ўкраінскім пытаньні была важнай каардынацыя паміж царквой і дзяржавай? Без жаданьня дзяржавы мець аўтакефальную царкву ва Ўкраіне Ўсяленскі патрыярхат ня мог бы дзейнічаць, бо 17-е правіла IV Усяленскага сабору кажа, што царкоўнае кіраваньне павінна прытрымлівацца дзяржаўнай адміністрацыі.

На гэты момант не было звароту да Ўсяленскага патрыярхату ні ад беларускай дзяржавы, ні ад беларускай царквы, таму гэтае пытаньне не разглядаецца. Але калі яны зьвернуцца, то, вядома, ёсьць магчымасьць, што гэтае пытаньне будзе разглядацца гэтак сама.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыякан Кураеў: База для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная

Дарэчы, што да акту 1686 году, трэба нагадаць, што Канстантынопаль „не прачнуўся праз 300 гадоў“, таму што падобнае пытаньне стаяла ў 1924 годзе, калі Польская дзяржава і Праваслаўная царква ў Польшчы зьвярнуліся ў Канстантынопаль у справе аўтакефаліі. У Томасе аб аўтакефаліі Польскай царквы 1924 году была сказана, што ўсё, што адбылося з Кіеўскай мітраполіяй пасьля 1686 году, не прызнаецца і было зроблена антыкананічна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквы