Ці мадэрнізацыя Віцебскага футравага камбінату гэта падарунак ад яго асабіста, ён не ўдакладніў. Акрамя гэтага падарунку да 7 лістапада Беларусь чакае завяршэньне ўборачнай кампаніі.
Падчас наведваньня Віцебскага футравага камбінату 2 лістапада Аляксандар Лукашэнка заявіў, што мадэрнізацыя прадпрыемства «зьяўляецца падарункам народу да 7 лістапада», піша БелТА.
У рэканструкцыю прадпрыемства ўклалі 24 млн даляраў. Лукашэнка пажартаваў, што генэральнаму дырэктару камбінату варта даць званьне «Герой Беларусі», а затым сур’ёзна даручыў «правесьці праверкі» («ці ёсьць да яго пытаньні», «каб потым не казалі, што там карупцыянэры»), каб даць яму якую-небудзь узнагароду.
Лукашэнка дадаў, што «ён сам, чальцы ўраду і іншыя службовыя асобы павінны паказаць людзям, што зроблена за мінулы год, да 7 лістапада».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Богдан супраць Карбалевіча: што прынесла Беларусі Кастрычніцкая рэвалюцыя?Раней Лукашэнка даручаў да гэтага дня завяршыць уборачную кампанію (так жа ён рабіў у мінулым годзе, нават перанес на 7 лістапада ўжо прызначаную прэм’ерам дату завяршэньня пасяўной — але тады да прызначанай Лукашэнкам даты не пасьпелі ўбраць ураджай).
Акрамя таго, Лукашэнка даручаў да 7 лістапада завяршыць будаўніцтва новага моста цераз Прыпяць у Жыткавіцкім раёне — у канцы мінулага году мост даў трэшчыну. Аварыйны мост на Менскай кальцавой дарозе таксама абяцалі адрамантаваць да 7 лістапада, але казалі, што гэта проста супадзеньне.
Беларусь застаецца апошняй краінай былога СССР, у якой Дзень кастрычніцкай рэвалюцыі адзначаецца як дзяржаўнае сьвята (таксама адзначаюць у непрызнаных «ДНР», «ЛНР» і «ПМР»).
На нядаўнюю пэтыцыю з просьбай перанесьці выходны зь 7 лістапада на 2-га, калі каталікі прыгадваюць продкаў, Міністэрства працы заявіла, што «Гісторыя пацьвярджае значнасьць ідэалаў Вялікай кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінпрацы Беларусі адмовілася пераносіць выходны дзень з 7 лістапада на Дзяды