Жыхарка Менску Кацярына Юкоўская ўваходзіць у бацькоўскі камітэт гімназіі нумар 31. Яе малодшая дачка вучыцца тут у 5-й клясе, старэйшая дачка скончыла гэтую ж гімназію два гады таму.
30 кастрычніка Свабода апублікавала запіс, на якім вучняў адной з клясаў 31-й гімназіі настойліва пераконваюць уступаць у БРСМ. Голас, падобны да голасу намесьніцы дырэктара гімназіі па выхаваўчай працы Інэсы Ахрамовіч, настойліва рэкамэндуе вучням увайсьці ў БРСМ, каб ня мець праблемаў пры паступленьні ў ВНУ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы супраць палітыкі прэзыдэнта?» Менскія школьнікі запісалі на відэа, як іх заганяюць у БРСМІнэса Ахрамовіч адмаўляецца камэнтаваць скандальнае відэа
Публікацыя аўдыёзапісу выклікала шырокі розгалас. Інэсу Ахрамовіч выклікалі ў аддзел адукацыі Менгарвыканкаму для тлумачэньняў.
1 лістапада ў кароткай размове са Свабодай спадарыня Ахрамовіч сказала, што занятая на працы. Камэнтаваць інфармацыю пра сваё магчымае звальненьне яна адмовілася.
Маці вучаніц: мая дачка адмовілася, і нічога ёй не было
Сытуацыю вакол скандальнага запісу Свабодзе пракамэнтавала маці адной з вучаніц 31-й гімназіі, удзельніца бацькоўскага камітэту Кацярына Юкоўская.
«Мая старэйшая дачка цяпер вучыцца ў ліцэі БДУ, у 31-й гімназіі адвучылася 9 клясаў, — кажа Кацярына Юкоўская. — Уступаць у БРСМ іх запрашалі. Але ніякага гвалту, нічога такога не было. Я насамрэч вельмі зьдзіўленая. Магчыма, гэта ўчынак такі аднаго з бацькоў. Магчыма, нейкі канфлікт адбыўся — усё можа быць. Нічога дрэннага я не магу сказаць пра гімназію. Яны ўсіх запрашаюць уступаць у БРСМ, я нават ня супраць. Чаму не? Калі хто хоча, то гэта жаданьне кожнага. Але ў нашым выпадку ніякіх пагрозаў і прымусу не было».
Па словах Кацярыны Юкоўскай, яна ведае ў гімназіі ўсіх, там вырасла адна яе дачка і расьце другая. Уражаньні ад гімназіі толькі станоўчыя, і нічога дрэннага яна сказаць ня можа.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выйсьці з БРСМ. 5 гісторый і рэкамэндацыя юрыстаПасьля вучобы ў 31-й гімназіі старэйшая дачка без праблем змагла паступіць у ліцэй.
«Мяне гэты запіс шакаваў, — працягвае Кацярына. — Мы з такімі праблемамі не сутыкаліся ў нашай клясе. Дачку запрашалі старэйшую. У 9 клясе, альбо нават у 8-й. Але маё дзіця палічыла, што ня мае магчымасьці туды ўступаць, і не ўступала.
Яна не зьяўляецца сябрам БРСМ. Ніякіх наступстваў для яе гэта ня мела. Ніхто нам з гімназіі не званіў, нічога не казаў. Анастасія (старэйшая дачка Кацярыны Юкоўскай. — РС) не расказвала нічога пра тое, што яе прымушаюць гвалтам уступаць у БРСМ. Ад іншых бацькоў, якія разам са мной былі ў бацькоўскім камітэце клясы дачкі, я таксама нічога падобнага ня чула. Мы дагэтуль камунікуем, і ніхто нічога не расказваў».
Можа, быў канфлікт бацькоў з настаўніцай
На думку Кацярыны Юкоўскай, апублікаваны запіс можа быць вынікам канфлікту паміж супрацоўніцай гімназіі і некім з бацькоў.
«Вядома, такія мэтады, як на запісе, недапушчальныя, — мяркуе Кацярына. — Але вы ж самі разумееце — запісаць можна што заўгодна. Чалавека можна давесьці. Настаўнік — гэта складаная прафэсія. Бываюць зрывы. Але, вядома, такія паводзіны недапушчальныя. Я асабіста не знаёмая зь ёй (з Інэсай Ахрамовіч. — РС), яна намесьніца дырэктара па выхаваўчай працы. Не магу вам нічога сказаць. Калі гэта насамрэч было так, то я гэта не ўхваляю, вядома».
У адміністрацыі 31-й менскай гімназіі сытуацыю з «загонам у БРСМ» не камэнтуюць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць бацькам, калі дзіця «заганяюць» у БРСМ