Супрацоўнікі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук і дайвінг-цэнтру «Марскі пэгас» дасталі зь Нёману 8-мэтровы дубовы човен пачатку ХVI стагодзьдзя.

Човен вагой паўтары тоны даставілі для аналізу ў Акадэмію навук у нядзелю. Знаходку выявілі ў Нёмане ля вёскі Мікалаева Іўеўскага раёну.

«Пачаў расьці пры Міндоўгу, сьсечаны і апрацаваны ці пры Аляксандры, ці пры Жыгімонце Старым!», — напісаў пра дуб, зь якога зроблены човен, кандыдат гістарычных навук Максім Чарняўскі.

Аналіз паказаў, што чоўну паўтысячы гадоў, дуб для яго быў сьсечаны паміж 1500-м і 1510 годам. Археолягі не спадзяваліся, што човен «настолькі старажытны», кажа Чарняўскі. Цяпер навукоўцы вырашаюць, як закансэрваваць знаходку. Дзе будзе захоўвацца човен, вырашыць кіраўніцтва Інстытуту гісторыі і Акадэміі навук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артэфакт стагодзьдзя. Беларускія археолягі знайшлі амулет, якому 4,5 тысячы гадоў