Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як савецкія «трудармейцы» будавалі мост на Паўночнай Дзьвіне


Мост на Паўночнай Дзьвіне каля Котласу ў Архангельскай вобласьці
Мост на Паўночнай Дзьвіне каля Котласу ў Архангельскай вобласьці

Рэпрэсіі — гэта ня толькі сталінскі тэрор, сьмяротныя прысуды і турмы ГУЛАГу. У Савецкім Саюзе можна было заставацца дэ-юрэ несудзімым і нават мець партыйны білет, а дэ-факта — бясплатна будаваць мост пад аховай узброеных салдат. Як гэта было ў Котласлагу.

Сёньня Паўночная Дзьвіна ў раёне Котласу зьмялела настолькі, што, здаецца, яе можна перайсьці ўброд. Ад гэтага калясальны чыгуначны мост над рэчышчам выглядае як быццам не зусім дарэчы. Але ў сярэдзіне мінулага стагодзьдзя гэтая амаль кілямэтровая пераправа была стратэгічнай будоўляй ГУЛАГу — так званы «Аб’ект № 10». Нягледзячы на значнасьць саюзнага маштабу, будавалі мост зьняволеныя на адным беразе і «трудармейцы» на другім. На сьціплым магільным камені недалёка ад моста высечаная лічба: 25 000. Прыблізна столькі жыцьцяў каштаваў той «Аб’ект № 10».

«У цэнтральнае кіраваньне ГУЛАГу перадавалі, што сканчаюцца людзі. І зноў калёна за калёнай сюды ішлі. І зноў будавалі мост. У мяне тата тут пахаваны, я да яго ўжо збегала. І мая бабуля — калымская», — расказвае Лілія Стракалоўская (Кобер) .

Яе бацька — немец, бабуля — фінка. Яны таксама «трудармейцы».

Падчас Другой сусьветнай вайны «працоўную армію» [«трудармия» — сыстэма прымусовай працоўнай павіннасьці, якая існавала ў СССР] фармавалі ў асноўным з прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў. Часта гэта былі звычайныя савецкія грамадзяне, а некаторыя зь іх — нават перакананыя камуністы і члены партыі. Але ім не давяралі: улады лічылі небясьпечным даваць такім у рукі зброю, адпраўляць на фронт. Замест гэтага давалі катаржныя работы.

«Чым тлумачылі, што Рэспубліка немцаў Паволжа — пятая калёна: яны ж скажуць: „Мы этнічныя немцы!“ — тлумачыць Лілія Стракалоўская. — І там былі такія правакацыі. З малымі дзецьмі ўсе былі накіраваныя ў Сыбір, Сярэднюю Азію і на Поўнач».

[Аўтаномная Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка немцаў Паволжа — нацыянальная аўтаномія паволскіх немцаў, існавала ў складзе РСФСР у 1923—1941 гг.].

Свабодных дэ-юрэ людзей дэ-факта ахоўвалі ўзброеныя салдаты. Пакінуць спэцпасяленьне можна было толькі за дазволам камэнданта.

Нарадзіцца «ўнутры пэрымэтру»

«Яны не былі асуджаныя, але знаходзіліся пад аховай, на працу — калёнай, з працы — калёнай. Атрымлівалі паёк, гэта значыць, не атрымлівалі заработнай платы. Былі зьняволенымі па-сапраўднаму. І вось цяпер, калі пачынаеш размаўляць зь людзьмі, кажуць, што там былі немцы, яны былі палоннымі. Хоць гэта былі „трудармейцы“. Але яны былі за калючым дротам», — раказвае Галіна Пятрова.

Пра тое, што трудармейцы былі менавіта за калючым дротам, яна ведае зь першага дня свайго жыцьця — яна нарадзілася ўнутры пэрымэтру. Толькі не таго, за якім жылі будаўнікі «Аб’екта № 10». Калі мост быў гатовы, яе бацькі ня вызвалілі, а перавялі на лесапавал.

Цяпер Галіна Пятрова — адна з галоўных захавальніц памяці аб Котласлагу на поўдні Архангельскай вобласьці. Гэтае месца стала брацкай магілай для раскулачаных сялян і прадстаўнікоў самых розных народаў.

На мэмарыяльных могілках у Котлас у асноўным стаяць безыменныя крыжы. Вельмі мала надмагільляў з імёнамі. І сваякі, якія прыяжджаюць сюды, каб знайсьці сваіх продкаў, амаль ніколі гэтага зрабіць ня могуць — архівы да гэтага часу засакрэчаныя. Ім застаецца толькі ўсталяваць такую таблічку на адным з дрэваў.

«Калі яшчэ ягадзіцы адчуваюцца, значыць, працаваць можаш»

Сын трудармейца Уладзімір Герман пабудаваў свой дом у тым самым месцы, дзе раней трудармейцы і зьняволеныя валілі лес, — у раёне станцыі «Бярозавы». Адсюль лес вывозілі па чыгунцы і з тых часоў іншых шляхоў сюды не пабудавалі.

«Па левы бок было пяць баракаў — высокія столі, здаровыя. У гэтых бараках жылі жанчыны асуджаныя», — расказвае Ўладзімір Герман.

На гэты ўчастак траплялі самыя слабыя. Больш моцных адпраўлялі далей на Поўнач. Хто дзе будзе працаваць, вызначаў лекар.

«Калі ў мэдпункце правяралі стан здароўя, то правяралі так: ня слухалі, не глядзелі, а чапалі ягадзіцы. Калі яны зьніклі, калі мышцы ягадзіц не адчуваліся, калі чалавек цалкам дыстрофік, то працаваць ужо ня можа. А калі ў цябе яшчэ ягадзіцы адчуваюцца, значыць, ты яшчэ працаваць можаш», — тлумачыць Галіна Пятрова.

Краязнаўцы да гэтага часу ня могуць назваць дакладную лічбу, колькі жыццяў забраў Котласлаг. Спачатку катастрафічна не хапала жытла. Людзей прывозілі хутчэй, чым пасьпявалі адпраўляць далей на поўнач. Мужчыны будавалі новыя баракі і буданы, але і ў іх немагчыма было ўратавацца ад холаду. У Котласе нават у сакавіку можа схапіць дваццаціградусны мароз. Вельмі многія замярзалі ў сьне. Асабліва дзеці.

«На гэтыя велізарныя баракі былі ўсяго дзьве печкі: адна ў пачатку бараку, другая ў канцы. І абагрэць яны не маглі, і дроў не было. Ну што, сьпілуюць якія-небудзь сырыя бярозкі, хвоі, але яны сырыя — яны не гараць», — расказвае Міліціна Клапіюк, кіраўніца музэю «Макарыха» пры школе № 17 у Котласе.

Калі адступаліся маразы, людзі гінулі ад хвароб. Віной усяму была антысанітарыя, бо ў лягеры нават не спрабавалі будаваць нармальныя прыбіральні.

Паводле Міліціны Клапіюк, ад інфэкцыйных хвароб памірала такая колькасьць людзей, што капалі брацкія магілы чалавек на 70 і сьцягвалі ў іх трупы. «Прычым самі ж спэцпасяленцы за дадатковую пайку хлеба», — дадае яна.

Колькі ўсяго людзей загінула ў Котласлагу, могуць ведаць толькі дзяржаўныя архівы. Але доступ да іх цяпер абмежаваны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG