Беларусы абураюцца ня толькі ў сацсетках — кепскія водгукі ў сувязі са скандалам зьявіліся на мапах Google і сайце Rebenok.by.
Пасьля публікацыі роліка, дзе чуваць, як вучняў менскай гімназіі № 31 прымушаюць уступаць у БРСМ, беларусы ў сацсетках пачалі расказваць, як іх заганялі ў арганізацыю ў іншых навучальных установах. А пра гімназію, зь якой пайшоў ролік, пачалі пакідаць кепскія водгукі на Google Maps.
Першыя адмоўныя адзнакі зьявіліся яшчэ да публікацыі роліка (напрыклад, адзін з карыстальнікаў піша пра тое, што «школа старая, парты развальваюцца, кухары гатаваць ня ўмеюць, паўсюль брудна»), але за апошні дзень іх стала заўважна болей.
«Гімназія раптам стала знакамітай пасьля публікацыі відэа пра прымус дзяцей уступіць у БРСМ, — піша карыстальнік Вадзім Звозьнікаў. — Кепскі званочак. Бацькі, будзьце пільныя — цікаўцеся, чым займаюцца настаўнікі ў дадзенай школе. БРСМ не дае ніякіх прывілеяў пры паступленьні ў ВНУ краіны. Хацелася б атрымаць афіцыйны камэнтар ад адміністрацыі школы».
«Настаўнікі і адміністрацыя павінны размаўляць зь дзецьмі на адным узроўні, а ня як у гэтай жахлівай гімназіі», — заяўляе карыстальнік Артур Бецін.
«У сьценах гімназіі лунае дух антысаветчыны і антыбеларушчыны», — цытуе карыстальнік Анатоль П. настаўніцу зь відэа.
Нэгатыўныя водгукі зьяўляюцца і на сайце Rebenok.by — адзін з карыстальнікаў сайту Аляксандар Старавойтаў нават піша, што ў сувязі з запалохваньнем дзяцей зьбіраецца напісаць заяву ў Сьледчы камітэт. У адказ яму раяць запытаць урад, навошта наагул патрэбны БРСМ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грошы, роля, ідэалёгія. 5 фактаў пра БРСМ, куды ў Менску заганялі школьнікаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што рабіць бацькам, калі дзіця «заганяюць» у БРСМ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі не зьбіраецца расьсьледаваць відэа пра «загон у БРСМ» у менскай школе