31 кастрычніка рэжысэры Кірыл Галіцкі і Сьвятлана Казлоўская заявілі, што здымаюць свой фільм «Пляж/Лес/Тамбур» з Нацыянальнага конкурсу кінафэстывалю «Лістапад» у намінацыі «гульнявое кіно».
Такім чынам яны далучыліся да рэжысэркі Евы-Кацярыны Махавай і прадусара Дзяніса Пуцікава, якія тыдзень таму зьвярнуліся ў аргкамітэт фэстывалю з просьбай зьняць з конкурсу іх дакумэнтальную стужку «Перазімаваць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фіналісты «Лістапада» зьняліся з конкурсу, пратэстуючы супраць цэнзуры Міністэрства культурыДзеяньні Мінкульту могуць каштаваць «Лістападу» міжнароднага статусу
У абодвух выпадках аўтары выступаюць «за свабоду ад цэнзуры Міністэрства культуры» і ня хочуць удзельнічаць у конкурсе, дзе ігнаруюцца правы і свабоды творчасьці.
Як пісала Свабода, сёлета беларускія стужкі на Нацыянальны конкурс адбірала адмысловая камісія на чале з намесьніцай міністра культуры Ірынай Дрыгай, адхіліўшы ад працэсу дырэкцыю кінафэстывалю.
Дырэктарка кінафэстывалю Анжаліка Крашэўская з гэтай нагоды папярэдзіла, што самадзейнасьць ведамства можа каштаваць «Лістападу» міжнароднага статусу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэкцыя кінафэстывалю «Лістапад» супраць цэнзуры Міністэрства культурыПаводле Гільдыі беларускіх прадусараў і кінавытворцаў, у сьвеце больш як 2000 кінафорумаў, але толькі паўсотні маюць акрэдытацыю Міжнароднай фэдэрацыі асацыяцый кінапрадусараў (FIAPF). У іх ліку і менскі «Лістапад». Аднак Міністэрства культуры праз сваё ўмяшаньне можа перакрэсьліць шматгадовыя высілкі дырэкцыі, каб стаць паўнавартасным чальцом сусьветнай кінасупольнасьці, мяркуе Крашэўская.
Яна заявіла, што незалежнасьць адбору ёсьць галоўным патрабаваньнем Міжнароднай асацыяцыі кінапрадусараў.
Незалежны кінакрытык: «Яны зьнішчаюць мастацтва»
Са зваротам да кінаграмадзкасьці, гледачоў і міжнароднай супольнасьці ў зьвязку з цэнзурай Мінкульту таксама выступіў кінакрытык Андрэй Расінскі.
- Кіно — гэта мастацтва са сваімі правіламі, адкрытае ўсяму сьвету
- Кіно — гэта індустрыя, нават калі індустрыйныя групы складаюць усяго некалькі чалавек
- Кіно — гэта камэрцыя, што радуе гледачоў
- Нарэшце, кіно — гэта люстэрка грамадзтва і ягонай душы.
Пры гэтым, выказвае шкадаваньне Андрэй Расінскі, міністэрскія чыноўнікі і службоўцы, якія кантралююць беларускую кінаіндустрыю, злосна, нахабна і пасьлядоўна топчуць усе гэтыя правілы.
- Яны душаць, цэнзуруюць і зьнішчаюць мастацтва.
- Яны пакінулі ад колішняй беларускай кінаіндустрыі ў лепшым выпадку пустыя дэкарацыі, так што людзі вымушаныя здымаць фільмы дзе заўгодна, толькі не ў Беларусі.
- Чынавенства дабіла нават тую кінакамэрцыю, што была за савецкім часам. Неаднаразова беларуская кінасупольнасьць зьвярталася з прапановамі, як выратаваць і аднавіць кінавытворчасьць, але ўсё толькі пагаршалася.
- Пра грамадзкія функцыі падчыноўнага кіно не даводзіцца нават гаварыць: гэта ў лепшым выпадку «расьпілоўваньне» грошай або сытая бюракратычная «галачка» на юбілейна-ваенную тэму, калі гледачоў не загнаць на фільм нават пад рулямі аўтаматаў.
Экспэрт адзначае, што ў такіх неспрыяльных умовах беларускае кіно ня толькі выжыла, але і пачало падымацца — сапраўды народнымі намаганьнямі. Яно расьце само, насуперак міністэрскім «апекунам», часта нават без грошай. Паўсталі фэстывальныя пляцоўкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два зь сямі дзясяткаў. Беларускі ўдзел у конкурснай праграме «Лістапада» — на ўзроўні арытмэтычнай хібнасьціАднак цэнзура над нацыянальным конкурсам «Лістападу» пагражае зьнішчыць самую буйную міжнародную кінапляцоўку Беларусі.
«Фэстывалі маюць свае цьвёрдыя правілы, галоўнае зь якіх — незалежнасьць адбору, у гэтым выпадку адмененае міністэрскімі чыноўнікамі, — адзначае Расінскі. — Некампэтэнтным чыноўнікам, якія ненавідзяць кіно гэтак жа моцна, месца не ў культуры, а ў адстаўцы. Мы не патрабуем немагчымага.
Мы ствараем беларускае кіно самі, спрабуем наладзіць яго паказ, імкнёмся адлюстраваць праўду і думаем пра гледача. Каб беларускае кіно разьвівалася, дастаткова проста не замінаць».
Андрэй Расінскі заклікаў іншых творцаў падтрымаць свабоду творчасьці і свабоднае кінажыцьцё ў Беларусі.