Супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі затрымалі работніка памежнай службы, якога падазраюць у продажы інфармацыі аб паездках «Руслана Башырава» і «Аляксандра Пятрова», а таксама іншых асоб. Пра гэта ў аўторак паведаміла агенцтва «Росбалт» са спасылкай на ўласную крыніцу.
Па словах суразмоўцы агенцтва, ФСБ правяла больш за 60 ператрусаў у прыватных дэтэктываў і ў тых, хто быў заўважаны ў гандлі зьвесткамі з закрытых баз дадзеных. У выніку затрымалі работніка памежнай службы ў Паўночна-Заходнім рэгіёне Расеі і супрацоўніка Фэдэральнай падатковай службы.
Крыніца агенцтва «Росбалт» не назвала імёнаў і ўдакладніла, што пачатыя ФСБ крымінальныя справы аб незаконным атрыманні сакрэтных зьвестак афіцыйна не зьвязаныя зь «Пятровым» і «Башыравым».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэскае радыё: «Пятроў і Башыраў» таемна сачылі за Скрыпалём у Чэхіі10 кастрычніка газэта «Фонтанка» назвала трэцяга расейца, які, як сьцьвярджаецца, датычны да атручваньня былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля на тэрыторыі Вялікай Брытаніі. Гаворка ідзе пра мужчыну зь імем Сяргей Фядотаў, ён нібыта прыбыў у Англію разам з двума іншымі грамадзянамі Расеі, падазраванымі брытанскімі ўладамі ў нападзе.
Па дадзеных выданьня, Фядотаў паляцеў зь Вялікай Брытаніі 4 сакавіка — у дзень атручваньня Скрыпаля. «Фонтанка» сьцьвярджае, што сьледчым Скотланд-Ярда вядома пра трэцяга ўдзельніка замаху, але ў ведамстве прынялі рашэньне абвясьціць пра яго пазьней. Газэта спасылаецца на неназваныя крыніцы. Іншых пацьверджаньняў гэтых дадзеных няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захад абвінавачвае ГРУ. Новыя падрабязнасьці таемных апэрацый вайсковых шпіёнаў РасеіБрытанскае сьледзтва ідэнтыфікавала тых, хто нападаў на Сяргея Скрыпаля як Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава. У Лёндане падкрэсьлілі, што сапраўдныя імёны падазраваных могуць адрозьнівацца ад тых, якія прыведзены ў іх пашпартах.
Група сьледчых Bellingcat сьцьвярджае, што сапраўднае імя Аляксандра Пятрова — Аляксандр Мішкін. Па дадзеных дасьледнікаў, ён атрымаў мэдыцынскую адукацыю ў адной з вайсковых акадэмій і зьяўляецца супрацоўнікам расейскай вайсковай выведкі. Руслан Башыраў, як сьцьвярджаецца, — расейскі выведнік Анатоль Чапіга.
Былы палкоўнік расейскай вайсковай выведкі ГРУ Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаны ў Солсбэры 4 сакавіка з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася ў Савецкім Саюзе. Урад Вялікай Брытаніі ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Масква абвінавачваньні адпрэчвае.