Двое расейцаў, абвінавачаныя брытанскімі ўладамі ў замаху на былога афіцэра ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачку Юлію, таемна наведвалі Чэхію ў 2014 годзе. У той самы час у Чэхіі быў і сам Скрыпаль. Пра гэта паведамляе Чэскае радыё са спасылкай на крыніцы ў выведцы.
Паводле дадзеных радыё, Скрыпаль падчас свайго візыту сустракаўся з чэскімі супрацоўнікамі контравыведкі і кансультаваў іх у пытаньнях выяўленьня меркаваных расейскіх шпіёнаў. Крыніцы Чэскага радыё перакананыя, што расейцы, якіх брытанскія ўлады ідэнтыфікавалі як Аляксандра Пятрова і Руслана Башырава, вялі сачэньне за Скрыпалём.
Расьсьледніцкая група Bellingcat сьцьвярджае, што сапраўднае імя Аляксандра Пятрова — Аляксандар Мішкін. Паводле дадзеных расьсьледнікаў, ён атрымаў мэдычную адукацыю ў адной з вайсковых акадэміяў і ёсьць супрацоўнікам расейскай вайсковай выведкі. Руслан Башыраў, як сьцьвярджаецца, -гэта расейскі выведнік Анатоль Чапіга.
Чэскае радыё адзначае, што расейцы наведвалі Чэхію з пашпартамі на імёны Пятрова і Башырава. Пятроў прыбыў у краіну ў сярэдзіне кастрычніка 2014 году. Некалькі дзён ён жыў у гатэлі ў Остраве, затым пераехаў у Прагу. Башыраў прыехаў адразу ў Прагу. Паводле інфармацыі чэскіх журналістаў, візыт расейцаў выклікаў цікавасьць ня толькі чэскай контравыведкі, але і Нацыянальнага цэнтру барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю.
Прадстаўнікі чэскіх спэцслужбаў адмовіліся ад камэнтароў. Расейскае пасольства ў Чэхіі таксама ў адказ на афіцыйны запыт Чэскага радыё паведаміла, што пытаньне аб перасячэньні мяжа грамадзянамі замежных дзяржаваў знаходзіцца ў кампэтэнцыі чэскіх уладаў.
Паводле дадзеных сайту neovlivni.cz ў пэрыяд ад 2012 да 2014 году з Чэхіі былі высланыя восем расейскіх дыпляматаў, западозраных у шпіянажы. Аднак журналістам не ўдалося даведацца, ці была інфармацыя, перададзеная Скрыпалём супрацоўнікам спэцслужбаў, прычынай для высылкі супрацоўнікаў расейскай дыпмісіі.
Сяргей Скрыпаль і яго дачка Юлія былі атручаныя ў Солсбэры 4 сакавіка з дапамогай нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок», распрацоўка якога вялася яшчэ ў Савецкім Саюзе. Лёндан сьцьвярджае, што замах арганізаваў Крэмль, і ўсклаў адказнасьць за тое, што адбылося, асабіста на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. Масква абвінавачаньні абвяргае. Прэзыдэнт Расеі 12 верасьня заявіў, што Пятроў і Башыраў — цывільныя асобы, і што яны вядомыя расейскім уладам. Журналісты-расьсьледнікі настойваюць на тым, што гэтыя людзі — супрацоўнікі расейскай вайсковай выведкі.