Дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан адхіліў абвінавачаньні Расеі ў тым, што Злучаныя Штаты пагражаюць выйсьці з дамовы 1987 году аб ліквідацыі ракет сярэдняга і меншага радыюсу дзеяньня, каб шантажаваць Маскву.
Джон Болтан сказаў пра гэта 22 кастрычніка ўвечары, пасьля сустрэчы зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым.
Паводле дарадцы Дональда Трампа, ЗША яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня наконт разгортваньня ракет у Эўропе ў выпадку скасаваньня дамовы.
Міністэрства замежных спраў Расеі заявіла, што 22 кастрычніка Лаўроў і Болтан абмеркавалі «пэрспэктыву ўзаемадзеяньня краінаў, у тым ліку ў інтарэсах ўрэгуляваньня рэгіянальных канфліктаў, эфектыўнай барацьбы з тэрарызмам і падтрыманьня стратэгічнай стабільнасьці». Раней Лаўроў і прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявілі, што выхад ЗША з дамовы зробіць сьвет «больш небяспечным» і можа прымусіць Маскву зрабіць захады для аднаўленьня балянсу сіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп вырашыў выйсьці з ракетнай дамовы з Расеяй, Масква супраць. Усё, што важна ведаць пра спрэчкуПрэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 22 кастрычніка зноў заявіў, што Вашынгтон мае намер дэнансаваць дамову 1987 году аб ліквідацыі ракет сярэдняга і меншага радыюсу дзеяньня з прычыны парушэньня яе расейскім бокам. Трамп адзначыў, што ЗША гатовыя павялічыць свой ядзерны арсэнал.
Новую заяву Трампа агучылі напярэдадні заплянаванай на 23 кастрычніка сустрэчы ягонага дарадцы ў нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Чакаецца, што Джон Болтан абвесьціць Уладзіміру Пуціну рашэньне Дональда Трампа аб адмове ЗША ад дамовы 1987 году.
Дамова, падпісаная Рональдам Рэйганам і Міхаілам Гарбачовым, ліквідавала цэлую клясу ракет наземнага базаваньня, як звычайных, так і ядзерных, з радыюсам дзеяньня ад 500 да 5,5 тысячы кілямэтраў. Аднак, як заяўляе Вашынгтон, Масква парушыла дамоўленасьці і стварыла ракету сярэдняй далёкасьці «Наватар 9М729», здольную нанесьці вокамгненны ўдар па краінах NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп: ЗША гатовыя нарошчваць ядзерны патэнцыял