Кансэрватыўна-хрысьціякская партыя БНФ атрымала ад менскіх уладаў дазвол на традыцыйныя шэсьце і мітынг на Дзяды, піша БелаПАН. Збор ля гадзіньнікавага заводу ля парку Чалюскінцаў 28 кастрычніка ад 11:30 да 12:00.
Шэсьце пойдзе звычайным маршрутам да Курапатаў — да мэтро «Ўсход», далей па вуліцах Каліноўскага, Карбышава, Гамарніка і Мірашнічэнкі.
У Курапатах заплянаваны мітынг, які працягнецца ад 15-й да 17-й гадзіны — столькі часу трэба, каб людзі пасьпелі ўсталяваць крыжы, запаліць зьнічкі і памаліцца на месцы забойства дзясяткаў, калі ня соцень тысячаў беларусаў у часы сталінскіх рэпрэсіяў.
Цяперашнія падзеі вакол Курапатаў — пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем поедим» і спрэчкі вакол дзяржаўнага памятнага знаку — збольшага ня зьменяць фармату і ідэі акцыі на Дзяды, але будуць згаданыя на мітынгу, расказваў Свабодзе намесьнік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.
«Трэба памятаць, што гэта не мэтэарыт ці землятрус забіў людзей»
«Калі ёсьць нейкія падзеі, якія закранаюць нашае грамадзтва, ня толькі зьвязаныя з мэмарыялам у Курапатах, яны адзначаюцца на мітынгах, — тлумачыць Беленькі. — Тое, што адбывалася ў Курапатах, было рэалізацыяй расейска-бальшавіцкай палітыкі на акупаванай тэрыторыі, гэта вынік яе. Калі мы бачым праявы такой палітыкі сёньня, стратэгію на яе, мы ня можам гэта не адзначаць.
Гэта не мэтэарыт упаў калісьці, што стала столькі ахвяраў, не землятрус быў. Гэта была сьвядомая палітыка суседняй дзяржавы на тэрыторыі нашай. Адна з найважнейшых нашых задач — не дапусьціць, каб быў паўтор Курапатаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазьняка жанчыны не давалі затрымаць» — удзельніцы мітынгу 30 кастрычніка 1988-га***
На наступны дзень пасьля акцыі ў Курапатах заплянаваная «Ноч расстраляных паэтаў» — вечарына напаміну пра «чорную ноч» 1937 году, калі савецкія энкавэдысты расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.
КХП БНФ таксама падала заяўку на акцыю памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 4 лістапада ў Лошыцкім яры ў традыцыйным фармаце мітынгу і шэсьця. Адказу на гэтую заяўку пакуль не было.
Your browser doesn’t support HTML5