Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады ўсталявалі мэмарыяльную шыльду ў «Аршанскіх Курапатах»


Новая шыльда
Новая шыльда

На помніку-камені, які адзначае месца масавых расстрэлаў ва ўрочышчы Кабыляцкая гара пад Воршай, зьявілася шыльда са словамі «Месца памяці і смутку». Сваякі рэпрэсаваных прасілі, каб на шыльдзе быў тэкст «Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій», але ў Аршанскім райвыканкаме на гэта не пагадзіліся.

Падчас абмеркаваньня ўдзельнікі ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы» даводзілі мясцовым уладам, што надпіс варта зрабіць на чатырох мовах: па-беларуску, па-расейску, па-польску і на іўрыце — зважаючы на тое, што сярод расстраляных былі пераважна беларусы, расейцы, палякі ды габрэі. Але ў канчатковым варыянце польскую мову замянілі на ангельскую, патлумачыўшы гэта тым, што яна больш пашыраная.

• Кабыляцкая гара пад Воршай — савецкі камбінат сьмерці

Сваякі расстраляных пад Воршай лічаць, што ўсталяваньне шыльды — гэта крок да прызнаньня факту сталінскіх рэпрэсій. Хоць падобныя факты ў сучаснай Беларусі найчасьцей замоўчваюцца — гэтак не прызнаным уладамі застаецца месца масавых расстрэлаў каля вёскі Хайсы пад Віцебскам. Але некаторых абурае «безаблічнасьць» надпісу, зь якога немагчыма зразумець, пра які «смутак» і пра якую «памяць» у ім ідзе гаворка.

• Маці — помнік у цэнтры гораду, бацьку — яма ў лесе

Што радуе сваякоў — дык гэта тое, што мясцовыя ўлады ня сталі бурыць самаробны мэмарыял, які з 1990-х гадоў ствараўся на Кабыляцкай гары. Сёньня ён складаецца зь вялікага валуна, на якім і ўсталяваная новая шыльда, і некалькіх дзясяткаў крыжоў, помнікаў ды шыльдачак, усталяваных сваякамі ў памяць пра забітых родзічаў.

«Аршанскія Курапаты»: што важна ведаць

1. У 1982 годзе, калі будавалі чыгунку ва ўрочышчы Кабыляцкая гара, знайшлі чалавечыя парэшткі. Створаная ў Воршы адмысловая камісія афіцыйна прызнала, што гэта парэшткі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Кабыляцкая гара была прызнана месцам масавых расстрэлаў упершыню ў Беларусі — раней за менскія Курапаты.

2. Першы помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсій зьявіўся тут у 1990 годзе, яшчэ ў часы СССР. Паводле распараджэньня тагачасных уладаў Воршы, тут паставілі стандартную жалезную «тумбачку» — сапраўдны помнік меліся зрабіць пазьней.

Часовы помнік на Кабыляцкай гары, пастаўлены ў 1990 г. (фота з архіву Віктара Андрэева)
Часовы помнік на Кабыляцкай гары, пастаўлены ў 1990 г. (фота з архіву Віктара Андрэева)

3. У 1994 годзе на прапанову аршанскага гісторыка Юрыя Копціка замест помніка на Кабыляцкай гары паставілі камень-валун, а на ім — шыльду з радкамі Ганны Ахматавай: «Хотелось бы всех поименно назвать, да отняли список и негде узнать». Неўзабаве шыльду скралі вандалы, сьледам за ёй і наступную.

Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады
Помнік-камень прастаяў без шыльды 24 гады

4. Пасьля 1994 году мясцовыя ўлады забыліся на помнік. Чыноўнікі сюды не зьяўляліся ні разу, але грамадзкія актывісты штогод зьбіраліся на Дзяды і займаліся добраўпарадкаваньнем гэтых мясьцін. У сярэдзіне 1990-х тут пачаў стыхійна стварацца самаробны мэмарыял: нашчадкі рэпрэсаваных пачалі ставіць крыжы і помнікі ў памяць пра сваіх родных.

Самаробны мэмарыял у лесе
Самаробны мэмарыял у лесе

5. Кабыляцкая гара — не адзінае месца сталінскіх расстрэлаў, вядомае аршанцам. Старажылы кажуць, што ў 1930-я гады расстрэлы адбываліся і ў Харкаўскім лесе каля магілёўскай шашы, і ў мясцовай турме, якую зрабілі ў мурах езуіцкага калегіюму. Нашчадкі рэпрэсаваных і мясцовыя актывісты хочуць паставіць памятныя знакі і ў гэтых месцах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG