Беларусы, якія раней працавалі ў Чэхіі, а пасьля выйшлі на пэнсію, будуць атрымліваць сваю частку пэнсіі за гэты час у эўра.
Такія ж умовы створаныя і для грамадзян Чэхіі, якія перад выхадам на пэнсію працавалі ў Беларусі.
Гэтыя нормы прадугледжваюцца ў дамове паміж Беларусьсю і Чэскай Рэспублікай «Аб пэнсійным забесьпячэньні». Дакумэнт ратыфікавала Палата прадстаўнікоў. Цяпер адпаведнае рашэньне мусіць прыняць і парлямэнт Чэхіі. Затым праз дыпляматычныя каналы бакі аформяць усю дакумэнтацыю. Пасьля гэтага беларусы і чэхі змогуць атрымліваць свае пэнсіі. Адбудзецца так званы экспарт пэнсіяў.
Міністар працы і сацыяльнай абароны Ірына Касьцевіч не змагла назваць лічбу беларусаў, якіх закране дамова з Чэхіяй. Яна сказала, што, паводле дадзеных чэскага боку, 2600 беларускіх грамадзян летась працавалі ў Чэхіі. Ёсьць выпадкі, калі грамадзяне Чэхіі працуюць у Беларусі. Аднак дакладнай статыстыкі няма.
Працэдуры абавязковага перагляду пэнсіі не прадугледжана. Але пэнсіянэр можа зрабіць адпаведную заяву, калі ягоны працоўны стаж на тэрыторыі Чэхіі альбо Беларусі ня ўключаны ў агульны. Для гэтага беларускім пэнсіянэрам ня трэба ехаць у Чэхію. Яны могуць зьвярнуцца ў службу «Адно акно» ў Беларусі, а сацыяльныя органы зробяць запыт у Чэскую Рэспубліку.
Перамовы наконт падрыхтоўкі пэнсійнага пагадненьня Менск і Прага пачалі яшчэ ў 2013 годзе.
Чэхія толькі пятая
Дэпутаты спыталі міністарку, ці магчыма падрыхтаваць аналягічную дамову з Польшчай. Бо колькасьць беларусаў, якія працавалі і працуюць у гэтай краіне, мабыць, істотна перавышае колькасьць «чэскіх» беларусаў.
Касьцевіч з гэтым пагадзілася. Яна сказала, што міграцыйныя працоўныя патокі зь Беларусі ў Польшчу ўзмацніліся. Таму перамовы з Варшавай ужо ідуць. Болей за тое, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ўнесла праект адпаведнай дамовы ва ўрад. Ён атрымаў там падтрымку і будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзыдэнта, пасьля чаго пройдуць тыя ж працэдуры, што і з падрыхтоўкай дамовы з Чэхіяй.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Даход пасьля выхаду на пэнсію вырас удвая». Як працуюць пэнсійныя сыстэмы ў розных краінах і ў БеларусіЯшчэ дзьве краіны, зь якімі Беларусь ужо вядзе аналягічныя перамовы, — Эстонія і Ўкраіна. Таксама «прапрацоўваецца пытаньне» пра заключэньне дамовы пра экспарт пэнсіяў у межах Эўразійскага эканамічнага саюзу, у які ўваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Расея.
Дамовы пра экспарт пэнсій Беларусь пакуль мае толькі з чатырма краінамі: Літвой (падпісана ў 1999 годзе), Расеяй (2006), Латвіяй (2008), Азэрбайджанам (2014).
Існуе яшчэ і пагадненьне ў рамках СНД
Для вырашэньня пэнсійных праблемаў у 1992 годзе была заключана базіснае Пагадненьне аб гарантыях правоў грамадзянаў дзяржаў — удзельніц СНД у галіне пэнсійнага забесьпячэньня, якое падпісала і Беларусь. Яно заснавана на тэрытарыяльным прынцыпе, які прадугледжвае прызначэньне пэнсіі паводле заканадаўства дзяржавы пражываньня. То бок абавязаньні ў прызначэньні і выплаце пэнсій за працоўны стаж, атрыманы ў СССР, бярэ на сябе дзяржава, на тэрыторыю якой перасяліўся грамадзянін. Напрыклад, беларус-пэнсіянэр, які пераехаў на сталае пражываньне ва Ўкраіну, абслугоўваецца паводле ўкраінскага заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад Беларусі пакуль не плянуе далейшае павелічэньне пэнсійнага ўзростуПрынцыповае адрозьненьне гэтага пагадненьня ад двухбаковых дамоваў у тым, што двухбаковыя базуюцца на прапарцыйным прынцыпе. І адказнасьць за лёс пэнсіянэра нясуць не адна, а дзьве краіны.
Пасьля распаду СССР у Беларусь на сталае месца жыхарства пераехала каля 70 тысяч пэнсіянэраў, зь Беларусі выехала каля 45 тысяч.