І на амаль 220 даляраў болей, чым у краінаў на другім месцы — Швэцыі і Вугоршчыне.
Як піша Onliner.by са спасылкай на аднаго з аўтарызаваных (афіцыйных) прадаўцоў тэхнікі Apple у Беларусі, цэны на новыя смартфоны Apple iPhone Xs будуць пачынацца ад 3499 рублёў за мадэль на 64 Гб памяці. Самая дарагая мадэль лінейкі, iPhone Xs Max на 512 Гб, будзе каштаваць 4999 рублёў.
Афіцыйныя беларускія цэны на смартфоны Apple традыцыйна адны з самых высокіх у сьвеце (некалькі разоў былі нават самымі высокімі), але звычайна розьніца з краінамі-рэкардсмэнкамі (найчасьцей — Вугоршчынай) складала ня больш за пару дзясяткаў даляраў.
Цяпер жа беларуская афіцыйная цана iPhone Xs вышэйшая на больш як 200 даляраў за Вугоршчыну і Швэцыю, другую і трэцюю краіны паводле цэнаў за Беларусьсю (там iPhone Xs каштуе прыблізна 1439 даляра і 1438 даляра адпаведна — у Беларусі будзе прыблізна 1657). Пры гэтым у Вугоршчыне сярэдні заробак вышэйшы за беларускі ў два разы, у Швэцыі — амаль у шэсьць разоў.
У ЗША стартавая цана на iPhone Xs ніжэйшая за беларускую больш як у паўтара разы — 999 даляраў. У Польшчы — 1345,5 даляра, у Расеі — 1346 даляраў, ва Ўкраіне — 1432 даляра.
Пры тым новыя «айфоны» ўжо прадаюцца ў Беларусі ў неафіцыйных пастаўшчыкоў па цэнах ад 2900 рублёў за iPhone Xs на 64 Гб (на старце продажаў цэны перавальвалі за 4000 рублёў). Звычайна афіцыйныя пастаўшчыкі тлумачаць высокія цэны ў Беларусі падаткамі і зборамі, а таксама наяўнасьцю афіцыйнай гарантыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта чарга па новы IPhone?» Чаму па аўтограф Віктара Марціновіча менчукі стаялі 1,5 гадзіны