У Берасьці асудзілі на 5 сутак блогераў Кабанава і Пятрухіна

Сяргей Пятрухін (зьлева) і Аляксандар Кабанаў трымаюць расьцяжку на акцыі 14 сакавіка

Другі дзень у Берасьці адбываюцца суды над удзельнікамі акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, якая адбылася 14 кастрычніка.

Судзьдзя Ленінскага суду Берасьця прызнаў вінаватым у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах блогера Сяргея Пятрухіна і прысудзіў яму 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Такі самы вырак — 5 сутак арышту — вынес судзьдзя Сьвятаслаў Каліна блогеру Аляксандру Кабанаву.

Аднак пасьля выракаў блогераў не забралі адбываць пакараньне, яны на свабодзе.

«Мы пайшлі да галоўнага судзьдзі, і ён нам сказаў, што можам ісьці, — калі нас забраць, вырашаць іншыя органы. А справа ўся ў тым, што перад судом нам на пятніцу выдадзеныя позвы ў міліцыю. Мы прыйдзем у Ленінскі РАУС, і нас да панядзелка садзяць. Такім чынам, на плошчу ў нядзелю ня выйдзем. Выходзіць, што ў любы момант яны могуць прыйсьці і сказаць: хадзем, пара адбываць пакараньне», — кажа Аляксандар Кабанаў.

Напярэдадні 5 сутак арышту за ўдзел у той жа акцыі атрымаў і палітык Мікола Статкевіч. Яшчэ 7 чалавек былі пакараныя штрафамі.

Сёньня ж на 245 рублёў аштрафавалі Алега Вялава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міколу Статкевіча арыштавалі на 5 сутак. Іншых пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу аштрафавалі

Акцыя пратэсту 14 кастрычніка ў Берасьці прайшла ня так, як звычайна. Раней людзі штонядзелі прыходзілі на плошчу, каб пакарміць галубоў, і ніякіх транспарантаў не трымалі. Аднак цягам двух апошніх тыдняў некаторых удзельнікаў затрымлівалі і судзілі.

У мінулую нядзелю берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў прыйшлі на плошчу з расьцяжкай супраць будаўніцтва заводу. На акцыю прыехаў і апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Статкевіча і некалькіх пратэстоўцаў затрымалі ў Берасьці

Акцыя завяршылася нестандартна — людзі самі падышлі да аўтазака і спыталіся, ці будуць затрымліваць блогераў Кабанава і Пятрухіна. Міліцыянты затрымалі іх, а таксама Статкевіча.

Пасьля людзі рушылі да Ленінскага РАУС, каб «маральна падтрымаць затрыманых». Па дарозе міліцыянты забралі яшчэ некалькіх чалавек, а таксама 6 чалавек — непасрэдна каля РАУС.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем

  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.