У Ленінскім судзе Берасьця пачынаюцца суды над удзельнікамі акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу, якая прайшла на цэнтральнай плошчы гораду 14 кастрычніка.
Вядома, што ноч у ізалятары правялі палітык Мікола Статкевіч, блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў, яшчэ некалькі чалавек, затрыманых падчас акцыі. Ня выйшаў з пастарунку і праваабаронца Раман Кісьляк, якога выклікалі позвай у міліцыю.
Алег Вялаў, якога затрымалі 14 кастрычніка каля Ленінскага РАУС, заявіў хадайніцтва аб адвакаце, суд перанесьлі на 16 кастрычніка.
Рамана Кісьляка хуткая дапамога завезла зь Ленінскага РАУС у лякарню, у яго ўзьняўся ціск. Ён быў затрыманы пасьля таго, як прыйшоў 14 кастрычніка ў Ленінскі РАУС па позьве. Ноч правёў у пастарунку. Праваабаронца паведаміў Свабодзе, што яму ўручылі позву ў суд на 18 кастрычніка, будуць судзіць за ўдзел у акцыі, якая адбылася ўчора. Цяпер ён праходзіць абсьледаваньне ў лякарні.
Дзьмітрыя Андрасюка пакаралі штрафам у 40 базавых велічыняў (980 рублёў)
На 10 базавых велічыняў (245 рублёў) аштрафаваныя
- Віталь Казак,
- Уладзімер Казлоўскі,
- Уладзімер Мароз,
- Рыгор Пагарцаў («Народная грамада», Менск)
- Андрэй Сьліж.
Пэнсіянэрку Людмілу Карчэўскую пакаралі 5 базавымі велічынямі штрафу (122 рублі 50 капеек).
Увечары адным з апошнім асудзілі Міколу Статкевіча — яго пакаралі 5 суткамі арышту
Суды над блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым перанесьлі на 16 кастрычніка, яны падалі хадайніцтвы, каб ім далі час для заключэньня дамоваў з адвакатамі.
***
Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу адбываюцца ў Берасьці штонядзелі некалькі месяцаў. Звычайна яны праходзяць ціха, бязь лёзунгаў і транспарантаў. Аднак цягам двух апошніх тыдняў некаторых удзельнікаў затрымлівалі і судзілі.
У мінулую нядзелю берасьцейскія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў прыйшлі на плошчу 14 кастрычніка з расьцяжкай супраць будаўніцтва заводу. На акцыю прыехаў і апазыцыйны палітык Мікола Статкевіч.
Акцыя завяршылася нестандартна — людзі самі падышлі да аўтазака і спыталіся, ці будуць затрымліваць блогераў Кабанава і Пятрухіна. Міліцыянты затрымалі іх, а таксама Статкевіча.
Пасьля людзі вырашылі рушыць да Ленінскага РАУС, каб «маральна падтрымаць затрыманых». Па дарозе міліцыянты забралі яшчэ некалькіх чалавек, а таксама 6 чалавек — непасрэдна каля РАУС.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.