У Кіеўскім патрыярхаце Ўкраінскай праваслаўнай царквы мяркуюць, што сваім рашэньнем аб поўным спыненьні дачыненьняў з Канстантынопалем Расейская праваслаўная царква паўтарае «палітыку Крамля, накіраваную на самаізаляцыю ў адказ на законныя рашэньні міжнароднай супольнасьці».
«Патрыярх Кірыл з 1991 году асабіста ёсьць архітэктарам падзелу Ўкраінскай царквы, таму яму цяжка прызнаць віну за 27 гадоў ілжывай дзейнасьці, якая зацягнула ўсю паўнату праваслаўя ў канфлікт. Але пасьля яго сытуацыя рана ці позна будзе вылечаная, і РПЦ вернецца да дачыненьняў», — заявіў афіцыйны прадстаўнік Кіеўскага патрыярхату, архіяпіскап Чарнігаўскі і Нежынскі Яўстраці.
Паводле яго, цяпер усім цэрквам ва Ўкраіне, якія належаць Маскоўскаму патрыярхату, давядзецца вызначыцца — заставацца ў адзінстве з усясьветным праваслаўем праз адзіную памесную царкву або ісьці разам з РПЦ на далейшы раскол.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: РПЦ спыніла стасункі з Канстантынопалем. ВІДЭА заявы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто падтрымае РПЦ і ці будзе фэйс-кантроль у цэрквах? Тлумачыць тэолягПалітычныя экспэрты называюць «прагназаваным» рашэньне Сыноду Расейскай праваслаўнай царквы.
«Я найбольш пабойваўся, што РПЦ і Крэмль згуляюць больш вытанчана, напрыклад, у сцэнар прэвэнтыўнага наданьня аўтакефаліі царкве Маскоўскага патрыярхату. Але яны ўчынілі больш жорстка і канфрантацыйна. Але ж Усяленскі патрыярхат не скасуе свайго рашэньня», — сказаў палітоляг Аляксей Гарань у эфіры аднаго з украінскіх тэлеканалаў.
Паводле яго, цяпер Расея будзе намагацца ўцягнуць у канфлікт прадстаўнікоў іншых памесных цэркваў:
«Найперш тых, якія больш кантактуюць з Масквою — гэта сэрбская, баўгарская і магчыма румынская і грузінская цэрквы. Усе дзеяньні РПЦ будуць скіраваныя на ізаляцыю Ўсяленскага патрыярхату. Гэта канфрантацыйны сцэнар, які, мяркую, у пэрспэктыве не прынясе чаканых для РПЦ вынікаў».