Расейская праваслаўная царква гатовая разарваць эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопальскай праваслаўнай царквой. Пра гэта заявіў кіраўнік Аддзелу зьнешніх царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Іларыён у эфіры тэлеканалу «Россия-24». Яго словы цытуе «Інтэрфакс».
У чацьвер Сынод Канстантынопальскай царквы прыняў рашэньне спыніць дзеяньне ўказу 1686 году аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату. Гэта дазволіць Канстантынопалю запусьціць працэс наданьня аўтакефаліі — адміністрацыйнай незалежнасьці — Украінскай праваслаўнай царкве.
Рашэньні Сыноду вымушаюць РПЦ разарваць адзінства з Канстантынопальскім патрыярхатам, упэўнены мітрапаліт Іларыён. «Канстантынопальскі патрыярх зрабіў для нас немагчымым заставацца ў адзінстве з Канстантынопальскім патрыярхатам», — заявіў герарх.
14 верасьня на надзвычайным пасяджэньні Сыноду ў Маскве РПЦ абвясьціла пра спыненьне памінаньня Канстантынопальскага патрыярха ў малітвах і прыгразіла цалкам разарваць эўхарыстычныя зносіны з Канстантынопальскай праваслаўнай царквой. Спыненьне зносін будзе азначаць, што РПЦ ня лічыць Канстантынопаль хрысьціянамі, не прызнае іх таемстваў і забараняе сваім вернікам удзельнічаць у іх набажэнствах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквыКанфлікт вакол Украінскай праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату пачаўся ў 1980-90-х гадах, калі частка ўкраінскіх прыходаў Расейскай праваслаўнай царквы запатрабавалі незалежнасьці і аддзяліліся ад РПЦ. Сёлета Канстантынопальская царква запусьціла працэс наданьня Ўкраінскай царкве незалежнасьці.
Напярэдадні сытуацыя вакол цэркваў ва Ўкраіне абмяркоўвалася на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі, паведамляе афіцыйны сайт Крамля. А міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў назваў дзеяньні Канстантынопальскага патрыярха ў справе наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай царкве правакацыяй, якая падтрымліваецца Злучанымі Штатамі. Яго словы цытуе «Інтэрфакс».