12 кастрычніка на абноўленым стадыёне «Дынама» у Менску прайшоў матч Лігі нацый паміж зборнымі Беларусі і Люксембургу. Як стала вядома Свабодзе, мінімум тры заўзятары беларускай зборнай былі затрыманыя пасьля матча супрацоўнікамі міліцыі. Імя аднаго з затрыманых — Алег Радзюк. Заўзятараў адвезьлі ў Ленінскі РАУС, дзе пратрымалі роўна тры гадзіны, пасьля чаго адпусьцілі.
«Хлопцы ведалі, куды ідуць, мелі пры сабе дакумэнты, — расказаў Свабодзе сябра Радзюка Міраслаў Лазоўскі. — Аднак іх усё адно сустрэлі ля стадыёну, адвезьлі ў аддзяленьне. Гвалт не прымяняўся, усё было карэктна. Хлопцаў пратрымалі роўна тры гадзіны і адпусьцілі. Мы сустрэлі іх ля Ленінскага РАУС».
Непасрэдна перад пачаткам матча праблемы зь міліцыяй узьніклі ва ўдзельнікаў фанацкага руху В-12. Фанатам не дазволілі пранесьці на сэктар частку іх традыцыйнай сымболікі, а таксама барабаны. У выніку ўдзельнікі В-12 вырашылі адмовіцца ад прысутнасьці на сэктары.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская фэдэрацыя футболу папрасіла заўзятараў «адмовіцца ад палітычных лёзунгаў»Нагадаем, што напярэдадні сустрэчы зь Люксембургам прадстаўнікі ўладаў афіцыйна папярэдзілі аб недапушчальнасьці некаторых крычалак, якія фанаты нацыянальнай зборнай выкарыстоўвалі падчас матчаў. Як паведамлялася, за іх выкарыстаньне на стадыёне заўзятараў зьбіраюцца караць грашовымі штрафамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За крычалку «Хто ня скача, той м...ль!» у Беларусі будуць штрафаваць або арыштоўвацьПерамогу ў матчы зь Люксембургам атрымала зборная Беларусі. Адзіны гол забіў Антон Сарока.