Чарговы раз выбіраючыся ў дарогу на сваю малую радзіму, на поўнач Шчучынскага раёну, набыў новую тапаграфічную мапу гэтага рэгіёну. Сядаючы за руль, вырашыў больш уважліва прыгледзецца да вядомых змалку дарог і назваў вёсак. Што найбольш уразіла: па якой дарозе ні едзь, абавязкова будзеш мінаць якую-небудзь вёску, побач з назвай якой на мапе — пазнака: «нежыл.» — значыць, нежылая, цалкам абязьлюдзелая.
«Населеныя пункты без насельніцтва»
І колькі ж іх тут — адна, другая, трэцяя... Ва ўсім раёне налічыў каля трох дзясяткаў. Але лічба яўна недакладная, няпоўная. Добра ведаю, што многія з тых вёсак і хутароў, якія нібыта лічацца населенымі, насамрэч таксама ўжо даўно «нежыл.».
Якія рэальныя маштабы гэтай зьявы ў сёньняшняй Беларусі? Зазірнем у вынікі апошняга нацыянальнага перапісу (2009 году). Ёсьць там радок з трохі дзіўнай назвай: «Населеныя пункты без насельніцтва». Усяго такіх у Беларусі значылася 1395. У рэальнасьці ж сёньня, празь дзевяць год пасьля перапісу, — значна болей.
5843 — столькі ў Беларусі напрыканцы «нулявых» было вёсак і хутароў, насельніцтва якіх складала 10 чалавек і меней. Зусім верагодна, што сотні (калі ня тысячы) іх за прамінулыя гады таксама перайшлі ў разрад «нежыл.».
Бо тэндэнцыя тут нязьменная і жорсткая. За 10 год (1999–2009) колькасьць вёсак, у якіх меней за 10 насельнікаў, павялічылася ў Беларусі з 3970 да 5843. І відавочна, што менавіта гэтыя паселішчы — найпершыя кандыдаты на хуткае скананьне.
...Гэта цяжкая, гнятлівая, сумная вандроўка. Вёскі, якія ты памятаеш поўнымі жыцьця, гаспадарскіх клопатаў, жывых гукаў і колераў, — ператварыліся ў прывіды. Спарахнелыя зрубы, пахілыя агароджы, зарослыя агароды, зьдзічэлыя сады. Ёсьць нешта ад канца сьвету ў гэтай карціне агульнага заняпаду і запусьценьня.
Урбанізацыя па-беларуску
Нехта скажа: урбанізацыя — усясьветная тэндэнцыя, чаго тут шкадаваць аб тым, што немагчыма ўратаваць. Так, безумоўна. Але, здаецца, мала дзе ўрбанізацыя суправаджаецца такім гаспадарчым занядбаньнем тых мясьцінаў, якія пакідаюць людзі. Гэта ўздоўж бальшакоў, вялікіх дарог, па якіх зрэдзьчасу праяжджае начальства, пакуль што апрацоўваюцца палеткі, скошваюцца сенажаці. Але збочце з шашы, праедзьце па грунтавых дарогах углыб той Беларусі, якую даўно пакінулі людзі. Там, дзе дваццаць-трыццаць год таму расьлі жыта і ячмень, дзе пасьвілі кароў і нарыхтоўвалі сена — тысячы і тысячы гектараў аблогу, які пакрысе зарастае хмызьняком, дзічэе, забалочваецца.
Чаму зусім па-іншаму адбываецца тая ж урбанізацыя за некалькі дзясяткаў кілямэтраў адгэтуль, у суседняй Польшчы? Чаму там няма тысячаў вёсак з пазнакай «нежыл.» і соцень тысяч гектараў былых ворыўных земляў, ператвораных у хмызьнякі?
А найперш таму, што там — прыватная ўласнасьць на зямлю. І зямля знаходзіць свайго новага гаспадара, нават калі гаспадар ранейшы зь нейкіх прычынаў яе пакінуў. У Польшчы нават тыя ўчорашнія вясковыя жыхары, якія пакінулі вёску і не прадалі свае надзелы, часта знаходзяць магчымасьць апрацоўваць зямлю, якая дасталася ў спадчыну. І зусім ня толькі з настальгічных матываў. Гэта прыносіць немалы прыбытак, у тым ліку і дзякуючы дзяржаўным датацыям, якія налічваюцца на кожны гектар апрацаванай зямлі.
Хто ня сьпіўся — паўцякалі
Аляксандар Лукашэнка як чалавек вясковы, відавочна, усьведамляе вастрыню праблемы і перажывае за лёс сваёй малой радзімы. Вунь як непазнавальна зьмянілася вёска Александрыя Шклоўскага раёну за апошнія 25 год. Тут табе і спартыўны комплекс з басэйнам, і прыгожы гатэль, і сучасны вакзал, і аб’язная дарога, і новая школа... Што адметна: спарткомплекс на 2200 чалавек, а ў вёсцы — толькі каля 500 жыхароў.
Ня быў бы Лукашэнка прэзыдэнтам — што чакала б тую Александрыю? Хутчэй за ўсё, тое самае, што і сотні іншых падобных беларускіх вёсак, дзе ня тое што басэйнаў, гатэляў і аб’язных дарог — не засталося нават сяльпоўскіх крамаў, разваліліся калгасы, а апошнія працаздольныя жыхары, хто ня сьпіўся, паўцякалі на заробкі ў Расею ці Польшчу.
Пранікнёна і настальгічна гаварыў Лукашэнка аб прыцягальнай сіле роднай вёсачкі, абвяшчаючы сёлета ў лютым Год малой радзімы. Ідэя кіраўніка краіны — у тым, каб тыя пасьпяховыя і заможныя беларусы, якія ў свой час паўцякалі з родных вёсак, «аддалі доўг гэтаму кавалачку зямлі» — «хто як можа і хто колькі можа». У якасьці стымулу абяцана: тыя, у каго ёсьць магчымасьць адбудаваць і адрадзіць гэтыя вёсачкі, няхай назавуць іх сваім імем.
Пазьней, у сярэдзіне году, пляны былі адкарэктаваныя: Год малой радзімы працягнуты яшчэ на два гады. Як абгрунтоўваў гэта Лукашэнка, «недзе камусьці трэба і грошы зарабіць, каб у сваю малую радзіму ўкласьціся»... Такім чынам, абвешчана «трохгодка».
Як імітаваць рашэньне праблемы, не ўкладаючы ў гэтае рашэньне ні рубля? Калісьці гэткім шляхам у СССР ішоў камуністычны рэжым. Напрыклад, ва ўсёй краіне ўрачыста абвяшчалася «пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці». Усім было зразумела, што і з эфэктыўнасьцю, і зь якасьцю ў краіне справы дрэнь. І вырашаць праблему трэба было інвэстыцыямі і эканамічнымі рэформамі. Але паколькі грошай на інвэстыцыі не было, а праводзіць рэформы — небясьпечна для трываласьці рэжыму, абмяжоўваліся прапагандысцкімі кампаніямі. Выдаткі — толькі на прыгожыя лёзунгі і заклікі. Праўда, і рэальны эфэкт быў адпаведны: практычна нулявы.
Так і тут. Разьлік — не на рэформы і не на інвэстыцыі, а на настальгічныя пачуцьці заможных беларусаў, якім павінна стаць сорамна за стан сваіх паміраючых вёсак і якія, кіруючыся пачуцьцём грамадзянскай адказнасьці, укладуць уласныя грошы, каб удыхнуць жыцьцё ў занядбаную малую радзіму. Лукашэнка ж вунь як адрадзіў сваю родную Александрыю! А чаму вы ня можаце?
...Тых, хто наведвае вядомы мэмарыяльны комплекс «Хатынь», нязьменна ўражвае і эмацыйна ўзрушае ўдалая знаходка архітэктараў і скульптараў — адзіныя ў сьвеце «Могілкі вёсак». Гэта сымбалічнае папялішча з назвамі 185 беларускіх вёсак, якія не адрадзіліся пасьля вайны. Шэраг за шэрагам — чорныя літары назваў, жалобныя урны зь зямлёй зьнішчаных вёсак. Адразу разумееш і ўсьведамляеш маштаб трагедыі... Дык тое — вайна, надзвычайныя абставіны. А тут — у мірны час, штогод сотні паселішчаў са шматвяковай гісторыяй паміраюць бяз знаку. І на што разьлічвае ўлада? На плён ад Году малой радзімы?
Зарэчча і Занявіша, Ляхаўцы і Астапішкі, Чучвы і Квіцеўцы... Тысячы і тысячы спрадвечных беларускіх тапонімаў могуць адысьці ў нябыт разам са старэнькімі хатамі і пакінутымі сялібамі. Захаваць хаця б іх, гэтыя назвы, на якіх узьнікла і вырасла Беларусь. Ня думаю, што беларуская ўлада адважыцца на нейкі мэмарыял кшталту сьцяны з назвамі тысяч пакінутых людзьмі вёсак: гэта быў бы надта празрысты намёк на плён ейнай палітыкі апошніх дзесяцігодзьдзяў, якая ў многім і спрычынілася да гэтай драмы. Хаця б які валун з выбітай на ім назвай на тым месцы, дзе калісьці было жыцьцё, рос хлеб і гадаваліся дзеці.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.