Нашчадкі Ігната Дамейкі прайшліся па цэнтры Горадні падчас падарожжа па мясьцінах, зьвязаных з жыцьцём свайго сваяка, — у перапынку паміж Менскам і Кракавам.
Эпатажны малады мужчына стаіць пасярэдзіне пешаходнай вуліцы Горадні і, паказваючы пальцам, па складах чытае надпіс на шыльдзе шапіка з газэтамі. Тонкія вусікі Сальвадора Далі, каляровыя паласатыя шкарпэткі з-пад караткаватых штаноў, жывая манера трымацца на людзях вылучае яго сярод мінакоў.
«Мы з Аўстраліі, я Джэймс», — мужчына элегантна падае руку на прывітаньне.
Гэта нашчадкі Ігната Дамейкі — нацыянальнага героя Чылі, які паходзіць з Горадзеншчыны. Яны падарожнічаюць па месцах, зьвязаных зь іхнім знакамітым продкам. Вандроўнікаў чацьвёра: прапраўнучка Ігната Дамейкі — Пас, і маладзейшае пакаленьне: Джэймс, Нікаляс, Паўліна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэтая зямля ў маёй крыві». Нашчадкі Ігната Дамейкі з Аўстраліі распавялі пра свой візыт у БеларусьЯны ўжо пагасьцявалі ў Менску, Наваградку, а з Горадні накіраваліся ў Кракаў і Варшаву.
«Мы толькі некалькі гадзін у Горадні. І я спрабую дасьледаваць культуру, мову, спэцыфічную мясцовую прыроду», — кажа Джэймс Дамейка.
«Ён шалёны музыка. А я пісьменьніца, напісала кнігу пра жыцьцё майго продка Ігната Дамейкі», — дадае ягоная бабуля Пас.
Горадня ёй спадабалася.
«Мне падабаюцца вуліцы. Будынкі ня надта высокія, са сваім уласным стылем. Мне падабаецца брук на вуліцах. Гэта той тып гораду, у якім я б жыла. Але я ніколі ня буду тут жыць, бо ўжо занадта старая», — кажа Пас, якой 81 год.
Джэймс дадае, што яны будуць прыяжджаць у госьці. Ён таксама застаўся пад добрым уражаньнем ад старога гораду, эўрапейскай архітэктуры Горадні. Яму, як і бабулі, спадабалася брукаваная пешаходная вуліца «з атмасфэрай вёскі».
«Мы закахаліся ў Беларусь. Я палюбіла лес, паветра, людзей. Ня ведаю, можа, гэта ў маёй крыві», — прызналася Пас.
Яна адзначыла, што беларусы дужа адрозьніваюцца ад аўстралійцаў сваім захаваньнем традыцый.
У гэты час Джэймс здымае заплечнік і пачынае эфэктна пазіраваць перад фотаапаратам. Дэманструе кідкія шкарпэткі, паварочваецца то адным, то другім бокам.
«Джэймс — Сальвадор Далі ў тэатры ў Аўстраліі, адсюль гэтыя вусікі», — тлумачыць Пас.
Джэймс імкліва дастае тэлефон і з захапленьнем скроліць відэа, якія пасьпеў наздымаць у Беларусі: дом аднаго зь ягоных продкаў, прыроду з вакна цягніка, каляровыя восеньскія лісты, раўнінныя пэйзажы, забаўных коцікаў, якія ідуць да рук. Пасьля выцягвае з заплечніка альбом, у якім вучыцца амаль каліграфічна пісаць літары кірыліцай.
«Дзякую. Да пабачэньня», — з ангельскім акцэнтам, але па-беларуску разьвітваецца прапрапрапрапраўнук Ігната Дамейкі Джэймс.
Ігнат Дамейка нарадзіўся ў маёнтку Мядзьведка Наваградзкага раёну Горадзенскай губэрні. У 1830 годзе Дамейка быў абраны ў горадзенскі соймік. Ён удзельнік паўстаньня 1830-31 гадоў і славуты чылійскі навуковец. Яго імем названыя вульканічны ланцуг у Андах, мінэрал, кветка, горад, унівэрсытэт і нават плянэта. У Горадні ёсьць вуліца імя Ігната Дамейкі, але на самым ускрайку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Турысты літаральна поўзаюць па Беларусі і вельмі задаволеныя». Лабадзенка раіць, што паказаць замежніку