«Гэта мой чацьвёрты прыезд у Беларусь. Сёлета я прывезла сваю сям’ю. Цяпер мы ўсе закаханыя ў гэтую зямлю», — сказала Пас Дамейка, прапраўнучка Ігната Дамейкі. 10 дзён яна правяла ў Беларусі разам з дачкой і двума ўнукамі.
Чацьвёра нашчадкаў Ігната Дамейкі наведалі мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём свайго продка — нацыянальнага героя Чылі, які паходзіць з Гарадзеншчыны. Яны трапілі на канфэрэнцыю, прысьвечаную Адаму Міцкевічу ў Наваградку, і дамовіліся зь Беларускім геаграфічным таварыствам, каб стварыць фонд імя Ігната Дамейкі дзеля дапамогі здольным студэнтам зь Беларусі.
Ініцыятарам вандроўкі ў Беларусь была Пас Дамейка. Яна прамая прапраўнучка беларуска-чылійскага навукоўца. Ёй 81 год. Летась яна прыяжджала ў Беларусь разам з братам, сястрой і пляменьнікам. Міністэрства замежных спраў ладзіла прэзэнтацыю беларускага перакладу ейнай кнігі.
«Летась было вельмі шмат цырымоній, я адчувала сябе як VIP. Гэтым разам у нас нефармальная сустрэча, якую ладзілі мае сябры», — сказала Пас.
Сёлета ў вандроўку ў Беларусь Пас узяла малодшае пакаленьне Дамейкаў, якія жывуць у Аўстраліі.
Па словах Нікаляса Дамейкі Нові (Nikolas Domeyko Novi), бабуля заўжды захаплялася радзімай свайго продка.
«Бабуля заўжды распавядала, як тут хораша, якая гэта прыгожая краіна і якія тут цудоўныя людзі», — сказаў Нікаляс. Яму 29 год, ён займаецца рэклямай у газэце The Sydney Morning Herald.
Сучасныя Дамейкі — гэта больш за 200 чалавек, што жывуць у Чылі, ЗША і Аўстраліі. Усе яны лічаць Ігната Дамейку заснавальнікам свайго роду.
«Гэтая зямля, яна ў маёй крыві, — сказаў 31-гадовы Джэймс Дамейка (James Domeyko). — Беларускія краявіды проста фэнамэнальныя. І колеры зямлі вельмі цікавыя. Пах паветра зусім іншы. Яно сьвежае, смачнае і прахалоднае».
Джэймс — музыка і актор. 9 кастрычніка ён выступае разам з гуртом «Вытокі» ў Доме Ваньковіча на вуліцы Інтэрнацыянальнай, 33A ў Менску. За час свайго візыту ён пранікся беларускай культурай.
«Я моцна ўражаны людзьмі, якія прыкладаюць столькі намаганьняў для адраджэньня беларускай культуры. І гэта неверагодна, што мой продак таксама хацеў гэтага», — сказаў Джэймс.
Джэймса і ягонага брата больш за ўсё ўразілі мясьціны, дзе Дамейка нарадзіўся і правёў дзяцінства: вёскі Мядзьведка і Жыбуртоўшчына на Гарадзеншчыне.
«Я ня мог уявіць прыгажосьць гэтых месцаў, — сказаў Джэймс. — Калі я пабачыў, дзе вырас Ігнат, я зразумеў ягоную сувязь з прыродай, ягоную любоў да гэтай зямлі».
Па словах Алеся Сушы, намесьніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, нашчадкі Дамейкі ўсё часьцей падкрэсьліваюць сваё беларускае паходжаньне. Асабліва пасьля леташняга візыту. Яны былі моцна ўражаныя, як іх тут прынялі.
«Дамейкі кажуць, што ў іх шмат агульных рысаў зь беларусамі», — сказаў Суша.
Пас Дамейка мяркуе, што больш за 20 нашчадкаў Ігната Дамейкі наведалі Беларусь за апошнія 20 год. І яна, і ўнукі думаюць, што прыедуць сюды яшчэ ня раз.
«Я ўжо палюбіла гэтую зямлю, — сказала Пас. — Таму што Ігнат любіў яе. Я люблю гэтыя лясы, азёры, людзей. Мы ўсе закаханыя ў Беларусь».
Цяпер Дамейкаў зь Беларусьсю зьвязвае ня толькі гістарычная спадчына. Яны дамовіліся пра стварэньне міжнароднага фонду імя Ігната Дамейкі, які мае фундаваць стыпэндыі для выбітных беларускіх студэнтаў, якія вывучаюць геаграфію. Пра гэта Свабодзе сказаў Аляксей Яротаў, старшыня Беларускага геаграфічнага таварыства.
Дамейкі ў Беларусі. «Прадзеда тут любяць. Ведаюць больш, чым у Чылі»