У літоўскай амбасадзе ў Менску адкрылася выстава «Кожны мае права ведаць свае правы». Яна завяршае Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня, які прайшоў у Беларусі з 5 кастрычніка, і прымеркаваная да Міжнароднага дня супраць сьмяротнага пакараньня, які адзначаецца сёньня.
Выставу падрыхтавалі беларускія праваабаронцы «Вясны» Андрэй Палуда і Паліна Сьцепаненка.
«Гэта традыцыйны наш Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня. Мы яго завяршаем, але не заканчваем наша змаганьне за адмену сьмяротнага пакараньня ў нашай краіне», — сказаў Андрэй Палуда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наўрад ці хто дачакаецца памілаваньня». Праваабаронцы пачынаюць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня»
«Мы не супакоімся, пакуль такое будзе»
Амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас у сваім выступе адзначыў, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, дзе дагэтуль «дзяржава забівае людзей». У Літве апошні раз такое было ў 1995 годзе. Праз год быў уведзены мараторый, і ў 1998 годзе сьмяротная кара была адменена.
«Пагадзіцца са сьмяротнай карай немагчыма. Гэта супярэчыць усяму. Права на жыцьцё, галоўнае права чалавека — і нехта яго забірае. Гэта вельмі несправядліва. За апошнія 20 гадоў у Беларусі было расстраляна каля 400 чалавек. Гэта складана зразумець. Ад сябе асабіста і ад імя тых, хто шчыра зацікаўлены гэтай тэмай, магу сказаць, што мы не супакоімся, пакуль такое будзе», — сказаў Андрус Пулокас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы фільм пра гіcторыю сьмяротнай кары стварылі праваабаронцы
«Мы будзем змагацца супраць сьмяротнага пакараньня»
Афіцыйная прадстаўніца Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын сказала, што падчас сустрэч з прадстаўнікамі беларускіх уладаў яна выказвае аргумэнты супраць сьмяротнай кары. Але ёй нагадваюць пра рэфэрэндум, на якім выказана воля беларускага народу, хоць гэта вельмі бесчалавечнае пакараньне.
«Мы ня будзем здавацца, мы будзем працягваць свае намаганьні. Мы перакананыя, што адмена сьмяротнай кары альбо ўвядзеньне мараторыю — гэта тое рашэньне, якое можа прыняць толькі моцны лідэр. У многіх нашых краінах менавіта дзякуючы рашэньню моцнага лідэра мы адмовіліся ад сьмяротнай кары. Дзякуючы таму, што ў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін ЭЗ знайшлася сьмеласьць, каб гэта зрабіць. Таму мы не адмаўляемся ад гэтай справы, будзем змагацца супраць сьмяротнага пакараньня», — сказала Андрэа Віктарын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма, мужчына і жанчына. Зона Х. Расстраляныя і нерасстраляныя«Мы абараняем права на жыцьцё»
«Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня» праводзіцца ў Беларусі чацьвёрты год запар.
«Так атрымалася, што першы чалавек, які зьвярнуўся да праваабаронцаў „Вясны“, быў якраз ахвярай судовай памылкі. Ён быў расстраляны за чужую віну, — сказала праваабаронца Паліна Сьцепаненка. — Актывісты кампаніі супраць сьмяротнага пакараньня маюць шмат перашкодаў у сваёй дзейнасьці. Гэта найперш дзяржава, якая стварае заслоны сакрэтнасьці вакол усяго таго, што тычыцца сьмяротнай кары. Гэта працягваецца з савецкіх часоў, і здабываць інфармацыю вельмі цяжка. Гэта яшчэ і псыхалягічны момант, бо яшчэ шмат хто не разумее, чаму мы гэта робім, і кажуць, што мы абараняем забойцаў. Мы не абараняем забойцу, мы абараняем правы чалавека і права на жыцьцё».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы зьнялі фільм пра сьмяротнае пакараньне