Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наўрад ці хто дачакаецца памілаваньня». Праваабаронцы пачынаюць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня»


З 5 кастрычніка праваабаронцы Беларусі правядуць «Тыдзень супраць сьмяротнага пакараньня». Сёлета ён прысьвечаны ўмовам утрыманьня вязьняў, асуджаных на сьмерць.

Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе засталося сьмяротнае пакараньне. Зь сярэдзіны 1990-х гадоў вынесена больш як 300 сьмяротных прысудаў. Летась расстралялі дваіх асуджаных.

Цяпер у турме знаходзяцца 4 чалавекі зь сьмяротным выракам: Сямён Беражны, Ігар Гершанкоў, Аляксандар Жыльнікаў і Вячаслаў Сухарка.

Дзе трымаюць асуджаных на сьмерць?

Турма на вуліцы Валадарскага ў Менску
Турма на вуліцы Валадарскага ў Менску

«Сьмяротнікаў» трымаюць у адмысловым сэктары сьледчага ізалятару на вуліцы Валадарскага ў Менску, частка якога займае будынак Пішчалаўскага турэмнага замку, узьведзенага яшчэ ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя.

Паводле начальніка Менскага СІЗА ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў Алега Алкаева, асуджаных на сьмерць тады трымалі ў сутарэньнях замку. Але з таго часу сытуацыя магла зьмяніцца, бо частка турмы прыйшла ў аварыйны стан, а побач са старым корпусам збудавалі новы.

Праваабаронца Андрэй Палуда кажа, што дакладных зьвестак пра ўмовы ўтрыманьня сьмяротнікаў няма, бо ім забаронена пра гэта пісаць у лістах, дый успамінаў ніхто не пакінуў. Вядома, што сьмяротнікаў трымаюць у камэрах па адным, максымум па два чалавекі.

«У кожным разе цяпер умовы збольшага як у савецкія часы. Маю на ўвазе ня толькі побыт, але і стаўленьне да вязьняў ды іхных правоў, а таксама да правоў сваякоў асуджаных. Як і ў СССР, не выдаюць целы расстраляных, не паведамляюць месца пахаваньня. Камітэт ААН па катаваньнях прызнаў такое абыходжаньне са сваякамі бесчалавечным і прыраўняў да катаваньняў», — заўважыў праваабаронца.

Як кормяць сьмяротнікаў?

Нормы харчаваньня для сьмяротнікаў такія самыя, як і для іншых вязьняў. Раз на тры месяцы яны маюць права на прадуктовую перадачу, калі на волі ёсьць каму яе сабраць.

«Даводзілася чуць ад сваякоў пасьля спатканьняў, што асуджаны худы, выглядае вельмі стомлена. Магчыма, ім бракуе нармальнай ежы, але, відаць, больш бракуе жаданьня есьці. Уявіце, у якім стрэсе ўвесь час знаходзяцца вязьні, калі іх у кожны момант могуць вывесьці на расстрэл. Які тут можа быць апэтыт?», — кажа Андрэй Палуда.

Якія да сьмяротнікаў ставяцца наглядчыкі?

Праваабаронца Андрэй Палуда кажа, што калі зьняволеных прыводзяць на спатканьні, дык першыя 5 хвілін яны проста ня могуць агоўтацца, сканцэнтравацца.

«Вядуць сьмяротніка 5-6 чалавек, тварам уніз да лытак. Амаль што валакуць па калідоры, бо ў людзей у такі момант адымаюцца ногі, яны ж думаюць, што іх вядуць на сьмерць».

Праваабаронца прывёў у прыклад успамін Аляксандры Якавіцкай, дачкі асуджанага на сьмерць:

«Бацьку яшчэ не прывялі, а ў калідоры ужо пачаліся жудасныя крыкі: „Вядуць!!“, „Не глядзець!!“ Потым грукат ботаў, рып дзьвярэй, ізноў крыкі».

Ці выводзяць сьмяротнікаў на прагулянкі?

Закон не забараняе выводзіць асуджаных на сьмерць на прагулянку ў адмысловае месца, дзе замест столі — жалезная сетка. Але некаторыя вязьні адмаўляюцца хадзіць на прагулянкі.

«Для асуджаных на сьмерць кожны выхад з камэры — нэрвовы стрэс», — кажа Андрэй Палуда.

Андрэй Палуда расказаў, што асуджаны на сьмерць Вячаслаў Сухарка доўгі час быў пад уражаньнем, што ягонага сукамэрніка Міхаленю ноччу вывелі з камэры і расстралялі.

«І гэта ня першы такі выпадак, пра які нам вядома. Калі расстралялі асуджанага Іванова, дык ягонаму сукамэрніку Хмялеўскаму потым загадалі сабраць рэчы Іванова ды перадаць канваірам. „Бо яму яны ўжо больш не спатрэбяцца“. Таксама быў вялікі стрэс, казаў потым Хмялеўскі. Цяпер ужо і яго няма, расстралялі».

Якія асабістыя рэчы сьмяротнікаў не вяртаюць сваякам?

Сваякам пакараных сьмерцю не выдаюць целы і не паведамляюць пра месца пахаваньня. «Выбыў па выкананьні прысуду» — такі запіс стаіць ў дакумэнце, які атрымліваюць блізкія ў турме. А ці вяртаюць якія рэчы?

«Асабістую адзежу могуць не вярнуць, затое вярталі турэмныя робы, у якіх былі асуджаныя перад расстрэлам. Але пасьля скаргаў сваякоў і пратэстаў праваабронцаў турэмнае адзеньне ўжо не перадаюць, бо гэта вельмі падобна да зьдзеку са сваякоў. Не вяртаюць лісты, некаторыя кнігі, запісы, фатаздымкі. Сваякі дасылалі вязьням, асуджаным на сьмерць, фатаздымкі родных ім людзей, але назад іх чамусьці не атрымалі. Чаму, не тлумачаць», — распавёў Андрэй Палуда.

«Гэта квіток ў адзін канец», — працытаваў Андрэй Палуда словы зь ліста асуджанага на сьмерць, які чакае адказу на прашэньне аб памілаваньні.

З больш як 300 асуджаных на сьмерць зь сярэдзіны 1990-х гадоў толькі адзін быў памілаваны Аляксандрам Лукашэнкам.

«Гэтая статыстыка добра вядомая і вартаўнікам „Валадаркі“, таму і ў іх адпаведнае стаўленьне да сьмяротнікаў. Што наўрад ці хто дачакаецца памілаваньня. Што гэта ўжо людзі, якіх насамрэч няма», — падсумаваў Андрэй Палуда.

У праграме тыдня «Праваабронцы супраць сьмяротнага пакараньня» рок-фэстывалі ў Віцебску (5 кастрычніка) і Менску (7 кастрычніка), дэманстрацыя фільмаў «Забіваньне камянямі Сараі М.» (8 кастрычніка ў Менску), «Годная справа» (9 кастрычніка ў Гомлі), «Змоўніца» (9 кастрычніка ў Слуцку) ды іншыя захады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG