Бі-Бі-Сі пацьвердзіла высновы расьсьледаваньня Bellingcat і The Insider пра асобу «Аляксандра Пятрова», якога брытанскія ўлады назвалі супрацоўнікам расейскай спэцслужбы ГРУ і непасрэдным атрутнікам былога выведніка Сяргея Скрыпаля ў горадзе Солсбэры 4 сакавіка 2018 году.
Сьледчыя сьцьвярджаюць, што сапраўднае імя «Пятрова» — Аляксандр Мішкін, ён нарадзіўся ў 1979 годзе ў пасёлку Лойга ў Архангельскай вобласьці Расеі. Мішкін, паводле іх зьвестак — вайсковы ўрач ГРУ.
Журналісты ВВС пагутарылі зь некалькімі былымі і цяперашнімі жыхарамі Лойгі, невялікага пасёлка-леспрамгасу ва Ўсьцянскім раёне Архангельскай вобласьці. Бліжэйшы буйны горад Котлас знаходзіцца за 110 км ад Лойгі. У заяве на выдачу замежнага паспарта на імя «Пятрова», паводле Bellingcat і The Insider, «Пятроў» напісаў, што нарадзіўся менавіта ў гэтым горадзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Insider апублікаваў сапраўднае імя Пятрова, які разам з Башыравым-Чапігам езьдзіў у СолсбэрыАле пры гэтым пашпарт у 2009 годзе ён атрымаў «узамен сапсаванага», а «сапсаванага» пашпарта з запісаным у анкеце нумарам ніколі не існавала: «Пятроў» у рэальнасьці жыў пад прозьвішчам «Мішкін».
У часы, калі Мішкін вучыўся ў школе ў Лойзе, у пасёлку жылі 3500–3700 чалавек, цяпер — каля 900», — распавёў Дзяніс Красноў, які вучыўся з выведнікам ГРУ ў адной школе. Мішкін, паводле яго ўспамінаў, жыў у Лойзе з бацькамі і малодшай сястрой Марыяй. «Мама ў яго не памятаю, дзе працавала, а бацька ў яго ў канторы ў леспрамгас працаваў», — растлумачыў Красноў.
У канцы дзевяностых бацькі Мішкіна пераехалі з Лойгі ў Ламаватку ў Валагодзкай вобласьці і забралі з сабой яго сястру, а Аляксандр застаўся ў Лойзе з бабуляй, таму што павінен быў скончыць школу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чапіга-«Башыраў» стаў «Героем Расеі» за эвакуацыю Януковіча, — расьсьледаваньнеУ школьныя часы Мішкін, паводле ўспамінаў Краснова, добра вучыўся, захапляўся гульнявымі прыстаўкамі і музыкай тэхна і вёў у пасёлку дыскатэкі.
Інфармацыю пра сапраўдны імя «Пятрова» пацьвердзілі і іншыя жыхары Лойгі.
«Я вучылася зь ім у дзясятай клясе, але зьехала, ня скончыўшы [Лойгінскую школу]», — сказала Вераніка Ратару-Балтэ пра Мішкіна. Яшчэ адзін жыхар Лойгі, Мікалай Тулинаў, таксама сказаў, што пазнаў Мішкіна на фатаграфіі Пятрова, і што той жыў у Лойзе.
Паводле зьвестак Бі-Бі-Сі, бацькі Мішкіна, Яўген і Тацьяна Мішкіны, зарэгістравалі шлюб у 1978 годзе ў Лойзе, але ў сярэдзіне 1990-х пераехалі ў пасёлак Ламаватка. Бацька Мішкіна працаваў у мясцовых лесанарыхтоўчых прадпрыемствах. У ліпені яму споўнілася 63 гады.
Маці Мішкіна цяпер 59 гадоў, яна доўгі час валодала ламавацкай кватэрай, у якой жыла сям’я. Пасьля пераезду яна працавала на прадпрыемстве «Ламаватка-лес». У сярэдзіне 2000-х гадоў бацька і сын Мішкіны таксама купілі кватэру ў Мурманску, але праз некалькі гадоў прадалі яе.
Дзяніс Красноў успомніў, што Мішкін пасьля 11-й клясы паступіў у вайсковае вучылішча. Што зь ім адбылося далей, ён не ведае: «Гадоў 15 я яго ўжо не бачыў, ён быццам у Маскве жыве», — сказаў Красноў.
Паводле зьвестак Bellingcat і The Insider, вайсковым вучылішчам, куды паступіў Мішкін, была Вайскова-мэдычная акадэмія (ВМА) у Санкт-Пецярбургу. Па стане на 2007 год Мішкін быў зарэгістраваны ў доме 12 на вуліцы Акадэміка Лебедзева ў Пецярбургу: там знаходзіліся інтэрнаты ВНУ.
Раней сьледчыя The Insider і Bellingcat ўстанавілі імя напарніка «Пятрова», які заехаў у Вялікабрытанію з пашпартам на імя «Руслана Башырава». Паводле іх, «Башвравым» быў палкоўнік ГРУ Анатоль Чапіга, герой Расеі, які нарадзіўся 5 красавіка 1979 году ў вёсцы Мікалаеўка на кітайска-расейскай мяжы і скончыў з адзнакай Далёкаўсходняе вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча.
Расейскія ўлады адмаўляюць, што «Пятроў» і «Башыраў» — супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў. Прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заяўляў, што яны — «цывільныя асобы», а ў інтэрвію, якое яны далі каналу RT, яны заявілі, што прыехалі ў Солсбэры паглядзець сабор і працуюць «у індустрыі фітнэсу».