Нідэрлянды абвінавацілі Расею ў спробах кібэратакаў, зьвязаных з трыма гучнымі справамі

© Shutterstock

Улады Нідэрляндаў расказалі аб высылцы ў красавіку чатырох грамадзянаў Расеі — сьцьвярджаецца, што яны плянавалі зладзіць кібэратаку на Арганізацыю забароны хімічнай зброі, піша BBC.

Як сьцьвярджае нідэрляндзкі бок, кібэратаку плянавала расейскае Галоўнае выведнае ўпраўленьне (ГРУ) у час, калі Арганізацыя забароны хімічнай зброі расьсьледавала атручваньне ў Вялікай Брытаніі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля (Расея абвяргае датычнасьць да гэтага, але ўжо трапіла пад санкцыі за атручваньне Скрыпалёў, а ў падазраваных у атручваньні пазналі супрацоўнікаў ГРУ) і хімічныя атакі ў Сырыі (у іх абвінавачвалі ў тым ліку Расею).

Як піша Associated Press, міністар абароны Нідэрляндаў таксама заявіў, што выведка Расеі спрабавала скрасьці дакумэнты па расьсьледаваньні аб зьбітым над Украінай малазійскім «Боінгу». Расею абвінавачвалі ў пастаўцы данбаскім «сэпаратыстам» зброі, якой зьбілі самалёт, але Расея адрынае абвінавачваньні, нягледзячы на вынікі афіцыйных і неафіцыйных расьсьледаваньняў.

Раней Нідэрлянды ўжо расказвалі аб затрыманьні і высылцы двух расейцаў, якія спрабавалі атрымаць дадзеныя лябараторыі ў швэйцарскім горадзе Шпіц, дзе, акрамя іншага, праводзіліся аналізы для расьсьледаваньня хімічных нападаў у Сырыі і атручваньня Сяргея Скрыпаля ў Вялікабрытаніі.

За дзень да таго Вялікая Брытанія абвінаваціла расейскае ГРУ ў маштабных кібэратаках на заходнія інстытуцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: NATO ўключыць «наступальныя кібэрвойскі» ў свае місіі і апэрацыі