Пракуратура адказала наконт разбуранай «сьцяны Вітаўта» на каралеўскім замку ў Горадні

Разбураная «сьцяна Вітаўта» на каралеўскім замку ў Горадні

Гісторык Мікола Волкаў атрымаў адказ з пракуратуры Горадзенскай вобласьці наконт разбурэньня «сьцяны Вітаўта» на Старым замку ў Горадні. Парушэньняў не знайшлі.

Фрагмэнт сярэдняй вежы замка разабралі з дапамогай тэхнікі 8 жніўня. Праём неабходна было пашырыць, каб празь яго на схіл гары магла прайсьці будаўнічая тэхніка. Паводле краязнаўцаў, падчас пашырэньня праёму рабочыя зруйнавалі некалькі квадратных мэтраў муроўкі XIV–XV стагодзьдзяў часоў князя Вітаўта, а разам зь імі — інфармацыю пра тое, дзе менавіта ў тыя часы знаходзілася брама ў гэтай сьцяне і вязьніца пад брамай.

Гісторык Мікола Волкаў зьвярнуўся ў Міністэрства культуры і пракуратуру з просьбай праверыць, ці не было парушэньняў падчас рэканструкцыі гэтага ўчастка.

У пракуратуры адказалі, што парушэньняў ня выявілі.

«Высьветлена, што месца знаходжаньня і памеры праёму ў „Сярэдняй вежы“ замка цалкам адпавядаюць праекту рэстаўрацыі, зацьверджанаму Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь», — гаворыцца ў адказе пракуратуры Горадзенскай вобласьці з подпісам намесьніка пракурора Сьвятланы Рахман.

Да таго ж у пракуратуры паведамілі, што рэшткі муроў XIV–XV стагодзьдзяў сапраўды выявілі. Іх плянуюць закансэрваваць.

Раней зь Міністэрства культуры прыйшоў адказ на гэтае ж пытаньне, у ім паведамілі, што навуковы кіраўнік рэканструкцыі Уладзімер Бачкоў ня скардзіўся на парушэньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінкульт пра зруйнаваньне «сьцяны Вітаўта» ў каралеўскім замку: Нічога ня ведаем, усё ў норме

«Я так разумею, што ў міністэрстве думаюць, што Бачкоў будзе сам на сябе скаргі пісаць», — пракамэнтаваў тады адказ Мікола Волкаў.