У час адзначэньня свайго 70-годзьдзя жодзінскі завод БелАЗ прадставіў сярод іншага бесьпілётныя машыны. Зьнешне яны адрозьніваюцца ад «небесьпілётных» антэнамі. І пустой кабінай.
БелАЗ сьцьвярджае, што гатовы зрабіць бесьпілётным любую са сваіх машын. На ўрачыстасьцях паказалі бесьпілётныя 130-тонныя самазвалы трэцяга пакаленьня.
У першым пакаленьні самазвалам можна было кіраваць дыстанцыйна, у другім і трэцім пакаленьні яны могуць рухацца цалкам самастойна паводле зададзенай праграмы, арыентуючыся па каардынатах GPS і праз «оптыка-электронную сыстэму». «Бесьпілётнасьць» машынаў распрацоўваюць супольна з расейскай «ВИСТ Групп».
БелАЗ на дыстанцыйным кіраваньні паказалі ўпершыню ў 2010 годзе, тады машына без кіроўцы ў кабіне ўжо магла запускаць і спыняць рухавік, стартаваць, тармазіць і паварочваць, уключаць фары, падымаць кузаў. Праўда, тады гаворка ішла пра дыстанцыю ў 500-600 мэтраў, калі для працы ў кар’еры трэба ня менш за 10 км. Ці ёсьць цяпер абмежаваньні па дыстанцыі, не паведамляецца.
На ўрачыстасьцях у Жодзіна паказалі таксама шоў з хуткаснай заменай колаў 130-тоннага самазвала, 90-тонны самазвал з кітайскім рухавіком Weichai (завод Weichai дабудоўваюць пад Менскам у тэхнапарку «Вялікі камень», у бліжэйшы час кампанія мае стаць адным з галоўных пастаўшчыкоў рухавікоў «белазаў») і шэраг іншых новых мадэляў самазвалаў і пагрузчыкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці можна за біткойны набыць піцу альбо «Белаз» у Беларусі