28 верасьня старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня Мечыслаў Грыб адзначае 80-годзьдзе. Зь ім пагаварыў карэспандэнт Свабоды.
— Мечыслаў Іванавіч, раней вы штодня бегалі па парку, падцягваліся на турніку — трымаліся актыўнага ладу жыцьця. А як цяпер?
— Больш ужо ня бегаю. Зьявіліся праблемы з каленямі. Але ад шпацыраў не адмовіўся. Жыву я па-ранейшаму на вуліцы Пуліхава, і звычайна мой маршрут пралягае па набярэжнай — ад дому да Опэрнага тэатру і назад. Стараюся хадзіць штодня. І раблю фізычныя практыкаваньні. Гэта стала звычкай.
— Як звычайна праходзіць ваш дзень?
— Пачынаю з зарадкі. Пасьля праглядаю навіны, чытаю цікавыя артыкулы ў сеціве. Займаюся партыйнымі справамі — я дагэтуль генэральны сакратар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада). А крыху болей за год таму зьявілаcя новае хобі — пачаў вывучаць ангельскую мову. Цяпер гэта стала магчымым не выходзячы з дому. Таму і шмат сяджу ля кампутара, карыстаюся рознымі праграмамі.
— Ці згадваеце вы сытуацыю пасьля зьняцьця з пасады старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча ў студзені 1994 году? Ці не шкадуеце цяпер, што пайшлі на ягонае месца?
— Я ня вельмі хацеў ісьці на гэтую пасаду. І нябожчыца-жонка мяне адгаворвала. І сястра была супраць. Але прэзыдыюм парлямэнту настойваў. Я тры дні трымаў паўзу. Але вырашыў урэшце, што трэба паспрабаваць, і даў згоду.
Ці не шкадую? На сёньняшні розум я падумаў бы. Не таму, што пасьля былі вядомыя падзеі. А таму што цяпер я разумею — да такой высокай пасады трэба было рыхтавацца. Трэба было мець каманду аднадумцаў. А ў мяне на той час нічога не было. І гэта выклікала адразу пэўныя складанасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мечыслаў Грыб пра тое, як можна было не прапусьціць ЛукашэнкуАле што было, тое было. Нічога вяртаць назад я не хачу. І ні аб чым не шкадую. Я заўжды стараўся сумленна працаваць. Таму, мабыць, я цяпер свабодна дыхаю, гуляю па Менску, ежджу грамадзкім транспартам. І шчыра прызнаюся, што мне прыемна, калі і ў мэтро, і ў аўтобусе, і ў тралейбусе са мной вітаюцца і знаёмыя, і — часта — незнаёмыя людзі. Значыць, нешта добрае я ўсё ж зрабіў.
— У гісторыю Беларусі Мечыслаў Грыб найперш увойдзе як чалавек, які на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савету паставіў свой подпіс пад Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі. Цікава, ці захавалася ў вас тая асадка, якой падпісвалі гістарычны дакумэнт?
— Не, у мяне яе няма. Мне сказалі, што яе зьмясьцілі ў дзяржаўным гістарычным музэі. Але пасьля яе чамусьці з выставы зьнялі, і, як мне сказалі, мая ручка (my pen — двойчы па-ангельску паўтарае спадар Грыб. — РС.) апынулася ў музэйных запасьніках. Так гэта ці не — я не правяраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падпісант першай Канстытуцыі: Беларусі варта адмовіцца ад прэзыдэнцкай формы кіраваньня— А якая тады найбольш каштоўная рэліквія захоўваецца ў вас дома?
— Зразумела, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусі. Я маю ажно тры яе друкаваныя варыянты: звычайны, кішэнны і вялікі на трох (беларускай, расейскай і ангельскай) мовах. Ёсьць парлямэнцкі архіў, але, на жаль, не 12-га, а 13-га скліканьня, у якім я таксама быў дэпутатам.
— Мечыслаў Іванавіч, калі я не памыляюся, вашы бацькі — доўгажыхары...
— «Бацькі» будзе не зусім дакладна. Мой бацька загінуў на фронце ў 1945 годзе. А мама сапраўды пражыла да 90 гадоў. У такіх цяжкіх умовах, якія мела мая мама, дажыць да 90 гадоў — геройства. Яна засталася адна, а на руках удавы было нас чацьвёра непаўналетніх. І усіх яна паставіла на ногі.
Я быў другім. Старэйшы мой брат памёр адразу пасьля шасьцідзесяці. Трэцяе дзіця — сястра Ганна. Цяпер яна на пэнсіі, носіць прозьвішча мужа. А самы малодшы — Станіслаў Іванавіч Грыб, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, ён займаецца сэлекцыяй збожжавых культураў.
29 верасьня блізкія — а гэта яшчэ сын, дачка і трое ўнукаў — прыйдуць, каб павіншаваць мяне зь юбілеем.