«Многія чамусьці лічаць, што „справа БелТА“ ўжо завершаная. А яна толькі пачалася. І чым і калі скончыцца — абсалютна незразумела... Мы па чарзе ходзім на допыты. Ідзе сьледзтва», — напісала ў сваім фэйсбуку галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава.
Пасьля 7 жніўня, калі на некалькі дзён былі затрыманыя супрацоўнікі Tut.by, БелаПАН, іншыя журналісты, і ў іх зьявіўся статус «падазраваных», у іх жыцьці многае зьмянілася, піша Золатава. А пасьля 25 верасьня, калі журналіст Tut.by Дзьмітрый Бобрык прызнаўся ў сваім фэйсбуку, што падчас допыту ў Сьледчым камітэце па «справе БелТА» яго шантажом завэрбавалі, да «падазраваных» нечакана дадаецца статус «завэрбаваных».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэдактар Tut.by расказаў пра ціск у Сьледчым камітэце і сваю згоду на «супрацоўніцтва»«Таму што калі ты не прызнаўся, што завэрбаваны, значыць, ты завэрбаваны. Цалкам дакладна магу сказаць: асабіста мяне ніхто не вэрбаваў. І не спрабаваў, дарэчы. Тое ж самае кажуць і ўсе мае калегі ў рэдакцыі. А Дзіма выступіў. І правільна зрабіў», — лічыць Марына Золатава.
Пасьля прызнаньня рэдактара аддзелу сайту Tut.by Дзьмітрыя Бобрыка ў тым, што ён пад ціскам Сьледчага камітэту падпісаў дамову аб супрацоўніцтве, ніхто зь іншых фігурантаў «справы БелТА» не заявіў аб гэтым. Разам з тым апытаныя Свабодай фігуранты «справы БелТА» падтрымалі Бобрыка і выказалі абурэньне ціскам Сьледчага камітэту на журналіста.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоснасьць — адзінае, што ў нас застаецца», — фігуранты «справы БелТА» пра ціск на рэдактара Tut.by«Справа БелТА». Што важна ведаць
- У жніўні 2018 году Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі — платнай падпіскі БелТА (ч. 2 арт. 349 КК).
- 7–9 жніўня затрымалі 18 журналістаў. Іх вызвалялі пасьля допыту. Пазьней сьледчы камітэт паведаміў, што ў справе 15 фігурантаў. Таксама прайшлі ператрусы ў офісах парталу Tut.by і інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а таксама ў кватэры журналістаў гэтых кампаній.
- Да канца лістапада крымінальныя справы супраць 14 абвінавачаных спынілі, бо яны сплацілі шкоду і штраф. Сумы, выплачаныя былымі фігурантамі «справы БелТА», вагаліся ад 3 да 17 тысяч рублёў.
- Галоўную рэдактарку Tut.by Марыну Золатаву 4 сакавіка аштрафавалі агулам на 13 650 рублёў.
- Беларуская журналісцкая супольнасьць, міжнародныя арганізацыі і ўрады заходніх краін асудзілі затрыманьні журналістаў, ператрусы ў рэдакцыях і прысуд Золатавай.