Праблем са здароўем у Юрыя Палітыкі, якога ва Ўкраіне судзяць за шпіянаж на карысьць замежнай дзяржвавы, ня выяўлена.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз расказаў пра сытуацыю зь беларускім грамадзянінам Юрыем Палітыкам, арыштаваным ва Ўкраіне за шпіянаж, і грамадзянінам Украіны Паўлам Шаройкам, асуджаным за шпіянаж у Беларусі.
Паводле Анатоля Глаза, Юры Палітыка цяпер знаходзіцца ў СІЗА СБУ ў Кіеве, учора яго наведаў супрацоўнік консульскага аддзела амбасады Беларусі ва Ўкраіне.
Паводле МЗС Беларусі, самаадчуваньне спадара Палітыкі здавальняючае:
«Хоць паўнавартаснае мэдыцынскае абсьледаваньне ў нашым разуменьні яму не праведзена. Аднак лекар Юрыя Палітыку агледзеў».
Што тычыцца стану здароўя ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі, засуджанага за шпіянаж на карысьць Украіны, прэсавы сакратар МЗС сказаў, што «абсалютна ўсе» просьбы супрацоўнікаў амбасады Ўкраіны ў Беларусі задаволеныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стан здароўя журналіста Шаройкі ў турме КДБ рэзка пагоршыўся, — Тымчук«Яны наведвалі Шаройку ўжо пяць разоў. А іншыя пытаньні таксама вырашаюцца ў станоўчым ключы. На мінулым тыдні Паўла Шаройку агледзелі шэраг прафэсіянальных лекараў, ніякіх паталёгій у яго ня выяўлена».
Анатоль Глаз пракамэнтаваў яшчэ адну ўкраінскую тэму. На пытаньне, як ставіцца Менск да заяваў украінскіх палітыкаў пра тое, што перамоўную пляцоўку па сытуацыі ва Ўкраіне трэба перанесьці зь Менску на тэрыторыю нейкай іншай краіны, ён адказаў:
«Тут няма асабліва чаго камэнтаваць. Афіцыйнай інфармацыі да нас з такім запытам не паступала. А камэнтаваць заявы асобных пэрсон МЗС ня мае намеру».
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Украінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка 2017 году ў Менску і абвінавачаны ў стварэньні ў Беларусі шпіёнскай сеткі зь ліку грамадзян краіны, «якія за грашовае ўзнагароджаньне выконвалі ягоныя заданьні па зьбіраньні зьвестак выведнага характару ў вайскова-палітычнай сфэры».
У дачыненьні Шаройкі была заведзеная крымінальная справа паводле 358 артыкулу Крымінальнага кодэксу — за шпіянаж. 23 траўня Вярхоўны суд Беларусі прысудзіў украінскаму журналісту Паўлу Шаройку 8 гадоў пазбаўленьня волі.
Украінскія экспэрты лічаць, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве, які абвінавачваецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.
Экспэрты мяркуюць, што Ўкраіна і Беларусь могуць абмяняцца «шпіёнамі» да наступнай сустрэчы прэзыдэнтаў Пятра Парашэнкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая мае прайсьці 24–25 кастрычніка ў Гомлі ў рамках форуму рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі «ўсё больш і больш хвалюе» лёс беларуса, якога ва Ўкраіне судзяць за шпіянаж