На зварот аб пераносе ліцейных цэхаў Менскага трактарнага заводу, які на сайце Petitions.by падпісалі 282 карыстальнікі, намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Фёдар Рымашэўскі адказаў: долю вытворчых тэрыторыяў у Менску крыху скароцяць, але вытворчасьць на МТЗ плянуюць толькі мадэрнізаваць, а не пераносіць.
У пэтыцыі пісалі, што МТЗ — «практычна нязьменны лідэр» паводле колькасьці шкодных выкідаў у менскае паветра (аб’ём гэтых шкодных выкідаў — 5000 тонаў на год), а ліцейныя цэхі — самая «брудная» паводле аб’ёму выкідаў частка заводу. МТЗ застаецца ў лідэрах забруджваньня паветра, «нягледзячы на рэгулярныя захады дзеля мадэрнізацыі вытворчасьці і наступныя скарачэньні аб’ёмаў выкідаў».
Таксама ў пэтыцыі адзначалі, што «ў апошнія гады гарадзкія ўлады ўзяліся ўшчыльняць забудову жылых кварталаў» на шкоду інтарэсам жыхароў — прапаноўвалі замест гэтага вынесьці ліцейныя цэхі за горад і рэарганізаваць тэрыторыю «адпаведна патрэбам гораду».
У адказе на пэтыцыю проста пералічваюцца захады, прадугледжаныя цяперашнім Генэральным плянам Менску, зацьверджаным у 2016 годзе. Фактычна гэта адмаўленьне прапановы з пэтыцыі.
Паводле Генпляну, да 2020 году мяркуецца скараціць вытворчыя тэрыторыі Менску на 12–12,5% «з забесьпячэньнем аздараўленьня гарадзкога асяродзьдзя шляхам тэхналягічнай мадэрнізацыі, тэхнічнага пераабсталяваньня прамысловых прадпрыемстваў». Праект дэталёвага плянаваньня тэрыторыі МТЗ прадугледжвае менавіта мадэрнізацыю і пераабсталяваньне — і яны ўжо праводзяцца. Рымашэўскі абяцае, што гэта «значна палепшыць экалягічную сытуацыю ў Партызанскім раёне».
Менскі трактарны завод цяпер недалёка ад цэнтру гораду — за 3,5 км ад плошчы Перамогі і за 4 км ад «нулявога кілямэтра». Аднак завод пачыналі будаваць у 1946 годзе, калі тэрыторыя была яшчэ ўскраінай гораду. Да Другой сусьветнай вайны тэрыторыя цяперашняга МТЗ была нават за горадам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менгарвыканкам распавёў пра пляны пераносу прамысловых прадпрыемстваў за горад