Холдынг «Амкадор» паабяцаў даць жыхарам Калодзішчаў экалягічную інфармацыю, якая тычыцца будаўніцтва новага заводу «Амкадор-Маш».
Пра гэта прадстаўнікі прадпрыемства заявілі 26 верасьня падчас рабочай сустрэчы з каладзішчанцамі ў БелНДЦ «Экалёгія» у Менску. Яна была арганізаваная Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя. Журналістаў на гэтую сустрэчу не пусьцілі.
Асноўныя прэтэнзіі жыхароў Калодзішчаў:
- грамадзкае абмеркаваньне будаўніцтва заводу «Амкадор-Маш» праведзена з парушэньнямі (экалягічная інфармацыя ня дадзена, таму ня зроблена незалежная грамадзкая экспэртыза);
- не праведзена паўторная экалягічная экспэртыза праектнай дакумэнтацыі заводу ў сувязі са зьменай тэхналягічных рашэньняў;
- лясному фонду ня вернуты зямельны ўчастак, раней вылучаны для будаўніцтва сажалак-выпаральнікаў;
- тэрыторыя заводу «Амкадор» пашырана на 1,5 га коштам зоны адпачынку «Вясёлка»;
- завод разьмяшчаецца ў трэцім поясе санітарна-ахоўнай зоны водазаборнай сьвідравіны, што прывядзе да выкідаў на яе тэрыторыю;
- пашырэньне Менскай вуліцы замест альтэрнатыўнай дарогі да заводу ўздоўж чыгункі;
- завод разьмешчаны ў камунальна-складзкой зоне, што парушае генэральны плян забудовы Калодзішчаў.
«Не падалося, што сабраліся людзі, гатовыя нас пачуць»
Жыхары Калодзішчаў, якія прыйшлі выказаць нязгоду з будаўніцтвам заводу «Амкадор-Маш», не атрымалі адказаў на ўсе пытаньні, якія іх хвалююць, сказала жыхарка Ксенія карэспандэнту Свабоды. У яе склаліся непрыемныя ўражаньні пра сустрэчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будзем стаяць насьмерць». Чаму каладзішчанцы супраць будоўлі новага заводу «Амкадора»«Раней кіраўнік „Амкадору“ Шакуцін сказаў, што людзі, маўляў, некім праплачаныя. Вось і сустрэча праходзіла так, што вялікія, мудрыя, магутныя людзі прыйшлі на размову зь нейкімі вясковымі цёткамі, якія нічога ня ведаюць і не разумеюць.То бок гэта ня быў канструктыўны дыялёг. Таму ніякіх канструктыўных рашэньняў не прынята. Толькі Міністэрства прыроды пацьвердзіла, што мы маем права атрымаць экалягічную інфармацыю, калі зьвернемся пісьмова да „Амкадору“. Прадстаўнікі прадпрыемства сказалі, што калі палічаць магчымым, то яе дадуць», — распавяла Ксенія.
Прадстаўнікі жыхароў Калодзішчаў будуць патрабаваць, сярод іншага, інфармацыю пра шкодныя выкіды, іх памер, склад, тэхналёгіі ачысткі выкідаў, пра сыстэмы фільтрацыі, якія завод плянуе паставіць замест сажалак-выпаральнікаў.
Ксенія сказала, што экалягічнай інфармацыі жыхары Калодзішчаў патрабуюць ужо паўтара года.
«Але нам пастаянна адмаўляюць, пачынаючы з экалягічнай дзяржаўнай экспэртызы да „Амкадору“ і праектнага інстытута. Яны кажуць, што гэта, маўляў, камэрцыйны праект, зроблены ў інтарэсах замоўцы. Але і сёньня мне не падалося, што сабраліся людзі, гатовыя да дыялёгу, гатовыя нас пачуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхары Калодзішчаў сустрэлі міністра з плякатамі «Мы за чыстае паветра», «Амкадору не»«Наша задача, каб экалягічная інфармацыя была атрыманая»
Прадстаўніца Мінпрыроды Тацяна Яўдасева сказала карэспандэнту Свабоды, што па выніках сустрэчы грамадзянам «рэкамэндавана зьвярнуцца ў адпаведныя арганізацыі для атрыманьня адказаў на пытаньні паводле кампэтэнцыі».
«Ініцыятыўнай групе рэкамэндавана канкрэтызаваць экалягічную інфармацыю, якая ім патрэбная, і якой з тых ці іншых прычынаў у іх не хапае, а „Амкадору“ даць гэтую інфармацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма армагедону». «Амкадор» і Мінпрыроды адкідаюць прэтэнзіі жыхароў Калодзішчаў наконт новага заводуКіраўніца Орхускага цэнтру Беларусі Вольга Захарава лічыць, што сытуацыю з наданьнем інфармацыі «трэба паправіць».
«Наша задача, каб экалягічная інфармацыя была атрыманая. Калі не патрабуецца дадатковага часу на яе падрыхтоўку, то яе павінны даць у 10-дзённы тэрмін».
Будаўніцтва новага заводу ТАА «Амкадор-Маш» пачалося сёлета ў траўні. На ім будуць вырабляць пагрузчыкі, трактары і гатовыя машынакамплекты для зборачных вытворчасьцяў холдынгу. Магутнасьць вытворчасьці складзе каля 6 тысяч машын у год.
Старшыня рады дырэктараў «Амкадору», адзін з самых блізкіх да ўлады і багатых людзей у Беларусі Аляксандар Шакуцін плянуе пабудаваць завод за паўтара-два гады.
Летась 2 сьнежня жыхары Калодзішчаў, Міхайлавага Кута, Гарадка і блізкіх да іх дачных масіваў чакалі з плякатамі «Мы за чыстае паветра», «Амкадору — не» прыезду міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэя Худыкі.
Міністар праехаў міма.