Парк высокіх тэхналёгіяў вырас удвая за год. Што гэта значыць

Адміністрацыя беларускага Парку высокіх тэхналёгіяў пахвалілася «небывалым ростам»: за 9 месяцаў бягучага году ў ПВТ прынялі 196 новых кампаніяў, а год таму ў яго ўваходзіла ўсяго 192 кампаніі.

Паводле ПВТ, гэта адыблася дзякуючы «ІТ-дэкрэту», які дазволіў пашырыць сьпіс відаў дзейнасьці кампаніяў-рэзыдэнтаў. Акрамя таго, паводле ПВТ:

  • Цяпер у ПВТ 388 кампаніяў.
  • Капіталізацыя кампаніяў ПВТ складае 7,68 млрд даляраў.
  • За першую палову 2018 году ў рэзыдэнтаў ПВТ экспарт вырас на 40%, і гэта без уліку новых кампаніяў.
  • Бягучы год мае ўсе шанцы зноў стаць рэкордным, а ў мінулым годзе кампаніі ПВТ наэкспартавалі на мільярд даляраў — гэта як экспарт усяго вайскова-прамысловага комплексу Беларусі.
  • Больш за 60 новых кампаніяў у ПВТ заснаваныя беларусамі. У склад ПВТ увайшлі кампаніі з Аўстрыі, Вялікай Брытаніі, Ізраілю, Кіпру, Кітаю, Нарвэгіі, Нідэрляндаў, Расеі, Францыі. Ёсьць і амэрыканскія кампаніі – у тым ліку адна з Крэмніевай даліны і адна, акцыі якой прадаюцца на Нью-Ёркскай фондавай біржы.
  • У ліку новых рэзыдэнтаў ПВТ кампаніі, якія распрацоўваюць абсталяваньне для радыяцыйнага кантролю і касьмічных палётаў, мэдыцынскія прыборы для дыстанцыйнага маніторынгу пацыентаў, зарадныя станцыі для электрамабіляў, штучны інтэлект для грузаперавозак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што там у новым «ІТ-дэкрэце»? Каротка пра асноўнае
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта распаўсюдзіць «ІТ-дэкрэт» на ўсіх? Разважаюць эканаміст і айцішнік
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працаваць з крыптавалютамі змогуць толькі рэзыдэнты Парку высокіх тэхналёгій 

Якія льготы маюць рэзыдэнты ПВТ

Далучэньне да ПВТ новых чальцоў ня значыць утварэньне новых кампаніяў — далучаюцца ўжо дзейныя, каб атрымаць льготы.

Цяпер кампаніі-рэзыдэнты ПВТ вызваленыя ад сплаты

  • ўсіх карпаратыўных падаткаў: падатку на дададзеную вартасьць па абаротах ад рэалізацыі тавараў, работ, паслуг, маёмасных правоў на тэрыторыі Беларусі; падатку на прыбытак;
  • падатку на нерухомасьць з аб'ектаў на тэрыторыі ПВТ.
  • Апроч таго, для іх супрацоўнікаў паніжаны індывідуальны падаходны падатак (з 13% да 9%), які не ўключаецца ў сукупны гадавы даход.
  • Таксама кампаніям дазволена выплачваць адлічэньні ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва зыходзячы зь сярэдняй зарплаты па краіне, якая ў разы меншая, чым заробкі айцішнікаў. Замест усяго гэтага рэзыдэнты плацяць 1% ад уласнай выручкі на карысьць адміністрацыі ПВТ.