Украінская партыя «Нацыянальны корпус» на чале з дэпутатам Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэем Білецкім арганізавала пад парлямэнтам акцыю з патрабаваньнем легалізаваць замежных добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Ўкраіны на Данбасе.
У акцыі ўзялі ўдзел некалькі сотняў чалавек. Яны трымалі плякаты, якія нагадвалі пра невыкананьне Пятром Парашэнкам ягонага абяцаньня ў 2014 годзе даць украінскае грамадзянства замежнікам-добраахвотнікам.
Удзельнікі акцыі патрабавалі ад парлямэнту ўхваліць закон аб спрошчанай працэдуры атрыманьня ўкраінскага грамадзянства для добраахвотнікаў-замежнікаў.
Пасьля пікету каля Вярхоўнай Рады некалькі добраахвотнікаў, у тым ліку і зь Беларусі, накіраваліся да Адміністрацыі прэзыдэнта. Некалькі зь іх прыкавалі сябе кайданкамі да агароджы на вуліцы за некалькі сотняў мэтраў ад адміністрацыі ўкраінскага прэзыдэнта.
«Прэзыдэнт абяцаў нам грамадзянства. Няхай выконвае свае словы. Гэта мірная акцыя. У мяне завяршаецца тэрмін дзеяньня пашпарта (Беларусі), і што будзе потым — невядома», — сказаў журналістам адзін зь беларускіх добраахвотнікаў.
У акцыі бралі ўдзел добраахвотнікі з Харватыі, Расеі і Беларусі. Пытаньне легалізацыі замежнікаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе добраахвотніцкіх батальёнаў, актуалізавалася пасьля рашэньня Ўкраіны экстрадзіраваць у Расею ўраджэнца Інгушэціі Цімура Тумгоева, якога расейскія ўлады абвінавацілі ва ўдзеле ў баявых дзеяньнях у Сырыі на баку «ісламскай дзяржавы». Яго перадалі Расеі, бо ён ня змог пацьвердзіць свой удзел у добраахвотніцкіх батальёнах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чакалі дазволу на ўезд і апасаліся сачэньня». Беларуская праваабаронца пра першую місію ў КрымПазьней генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка паабяцаў, што праваахоўныя органы будуць адмаўляць у экстрадыцыі ў Расею ці іншыя краіны замежных грамадзян, якія ваявалі на Данбасе на баку Ўкраіны і вышукваюцца праз сыстэму Інтэрполу.
Паводле неафіцыйных дадзеных, грамадзяне Беларусі — трэцяя па колькасьці група замежнікаў сярод удзельнікаў антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Дакладная лічба беларусаў, якія прайшлі праз вайну на баку Ўкраіны, невядомая. Валянцін Налівайчанка, які ў 2014 годзе ўзначальваў Службу бясьпекі Ўкраіны, сьцьвярджаў, што такіх грамадзян Беларусі было менш за тысячу.
Год таму Харкаўская праваабарончая група паведамляла пра арышт 11 расейскіх добраахвотнікаў, адносна якіх была распачата экстрадыцыйная працэдура. Інфармацыі пра беларусаў на той момант не было.
За ўвесь час толькі адзін грамадзянін Беларусі, якія ваяваў на Данбасе, атрымаў украінскае грамадзянства. Іншыя не змаглі атрымаць нават від на сталае жыхарства ва Ўкраіне. У лютым 2017 году двое беларускіх добраахвотнікаў пасьля некалькіх няўдалых спробаў легалізавацца ва Ўкраіне атрымалі статус уцекачоў у Польшчы.