Амбасадар Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды апублікаваў у Twitter відэа адкрыцьця помніка беларускаму пісьменьніку Якубу Коласу ў Т'яньдзіньскім унівэрсытэце замежных моваў.
Гэта першы помнік беларусу ў Кітаі — Якуб Колас быў адным зь першых беларускіх пісьменьнікаў, чые творы пераклалі на кітайскую. У 1950 годзе, яшчэ пры жыцьці Коласа, на кітайскую пераклалі верш «Абаронцам роднай зямлі» (таксама апублікаваныя па-кітайску ягоныя апавяданьні «Васіль Чурыла» і «Макарка Навак», аповесьць «Дрыгва» і верш «Вецер»).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка накарміў кітайскага віцэ-прэзыдэнта дранікамі і пельменяміБюст стварыў скульптар Сяргей Гумілеўскі — ягоны варыянт у траўні выбралі з васьмі праектаў. Гумілеўскі вядомы як уласнымі працамі (напрыклад, «Галубка» ў менскім Батанічным садзе), так і супольнымі з бацькам Львом Гумілеўскім (помнік Кірылу Тураўскаму ў Гомлі, Янку Купалу ў Маскве, Станіславу Манюшку і Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу ў Менску).
У жніўні Якубу Коласу паставілі бюст у Ташкенце — сталіцы Ўзбэкістану. Таксама імя Коласа атрымала прылеглая вуліца. У канцы мінулага году ў цэнтры Вільні павесілі мэмарыяльную дошку Якубу Коласу на будынку, дзе месьцілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва».