Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кішынёве адкрылі помнік Скарыну, Лукашэнка з Дадонам у гэты час сеялі кукурузу


Міністар культуры Беларусі Юры Бондар і міністарка культуры Малдовы Моніка Бабук на адкрыцьці бюста Францішака Скарыну ў Кішынёве
Міністар культуры Беларусі Юры Бондар і міністарка культуры Малдовы Моніка Бабук на адкрыцьці бюста Францішака Скарыну ў Кішынёве

Гэніка Лойку, аўтара помніка беларускаму першадрукару Францішку Скарыну ў сталіцы Малдовы, на адкрыцьцё не запрасілі.

У Кішынёве ўрачыста адкрыты бюст беларускага першадрукара і асьветніка Францішка Скарыны. Помнік аўтарства менскага скульптара Гэніка Лойкі ўстаноўлены ў сквэры побач з амбасадай Беларусі ў Малдове. Самога скульптара ў Малдову не запрасілі і з падзеяй не павіншавалі.

Як паведамляюць малдаўскія СМІ, у цырымоніі бралі ўдзел міністарка адукацыі, культуры і дасьледаваньняў Малдовы Моніка Бабук і яе беларускі калега Юры Бондар. Кіраўнік беларускага Мінкульту знаходзіцца ў Кішынёве ў складзе афіцыйнай дэлегацыі на чале з Аляксандрам Лукашэнкам.

Сам Лукашэнка сёньня займаўся іншымі справамі — сеяў кукурузу разам з прэзыдэнтам гэтай краіны Ігарам Дадонам, паведамляе БелТА.

Як піша малдаўскае агенцтва NOI, у сваім выступе Моніка Бабук адзначыла, што адкрыцьцё помніка Скарыну — гэта важная падзея, якая зробіць істотны ўнёсак ва ўмацаваньне культурных сувязяў паміж Малдовай і Беларусьсю.

У ліпені 2017 году Гэнік Лойка стаў пераможцам конкурсу эскізных праектаў на бюст Францішка Скарыны ў Кішынёве — ягоную заяўку прафэсійнае журы прызнала найлепшай зь дзясятка. Згодна з патрабаваньнямі, кампазыцыйнае і плястычнае выкананьне мусіла быць рэалізаванае «ў найлепшых традыцыях клясычнага і нацыянальнага манумэнтальнага мастацтва».

Бюст Скарыны ў Малдове супраць волі аўтара падпісаны не Францішак, а Францыск

Спачатку на помнік з улікам матэрыялу меркавалася патраціць ня больш за 150 тысяч рублёў. Аднак у працэсе суму зьменшылі ў 10 разоў. Скульптар кажа, што збольшага задаволены працай, за выключэньнем некаторых нюансаў. Галоўная прэтэнзія да напісаньня імя Скарыны. Згодна з умовамі конкурсу, як сьцьвярджаюць арганізатары, на помніку павінен значыцца «Францыск», Лойка ж настойваў на «Францішку». Адстаяць свой варыянт яму не ўдалося.

Выдаткі на распрацоўку праектнай дакумэнтацыі, выкананьне, мантаж бюста, а таксама добраўпарадкаваньне прылеглай тэрыторыі былі пакрытыя зь бюджэту Беларусі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG