Міжнародная сумесная сьледчая група (JIT), якая расьсьледуе абставіны гібелі малайзійскага «Боінга» над Данбасам ў ліпені 2014 году, паведаміла, што ўважліва вывучыць заявы Міністэрства абароны Расеі, зь якімі яно выступіла ў панядзелак.
У той жа час у заяве JIT гаворыцца, што Расея адказала не на ўсе пытаньні, якія перад ёй паставілі сёлета ў траўні. Тады сьледчыя апублікавалі папярэднюю справаздачу аб катастрофе «Боінга». Там была зроблена выснова, што самалёт зьбілі з устаноўкі «Бук», якая належала расейскай арміі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Расеі: «Боінг» быў зьбіты ракетай, якая належала ЎкраінеУ цяперашняй заяве JIT адзначаецца, што расейскі бок праігнараваў пытаньне аб паметках, знойдзеных на абломках ракеты. Акрамя таго, некаторыя ранейшыя заявы Мінабароны Расеі не пацьвярджаліся пасьля праверкі фактаў — у прыватнасьці, сьцьвярджэньне аб «вайсковым самалёце», нібыта заўважаным побач з «Боінгам».
Міжнародная сьледчая група заклікала Расею падаць усе дакумэнты, якія маюць дачыненьне да справы.
Раней 17 верасьня начальнік Галоўнага ракетна-артылерыйскага ўпраўленьня Мінабароны РФ Мікалай Паршын заявіў, што ракета зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», якой быў зьбіты малайзійскі «Боінг» рэйсу MH17, была вырабленая ў падмаскоўным Даўгапрудным у 1986 годзе i адпраўленая ва Ўкраіну, адкуль больш не вярталася ў Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў: Масква агучыла «чарговы фэйк» адносна зьбіцьця малайзійскага «Боінга»